Беларусь перамагла Швейцарыю — 4:3. Віншуем!
Чацвёрты дзень Чемпіяната свету па хакеі зноў стаў для зборнай Беларусі паспяховым. Наша каманда перамагла швейцарцаў з лікам 4:3. Лепшым гульцом матчу празнаны Сяргей Касціцын, які забіў дзве шайбы.
фота тут.бай
Матч адразу пачаўся з актыўнасці швейцарцаў, якія літаральна з першых хвілін пачалі спрабаваць на трываласць беларускага галкіпера Віталя Коваля. Раззлаваным папярэднімі паразамі швейцарцам вельмі патрэбны былі заліковыя ачкі. Вельмі шмат небяспечных момантаў стрварыў ля нашых варот швейцарскі нападаючы Кевін Фіала, гулец "ХВ71 Йеншепінг" 1996-га года нараджэння. Але наш галкіпер быў на вышыні.
На 4-й хвіліне зборная Беларусі засталася ў меншасці і яшчэ праз хвіліну Сяргей Касціцын забіў гол ў вароты швейцарцаў. Але хуткая контратака зборнай Швейцарыі зрабіла лік у матчы 1:1. Гол забіў абаронца альпійскай каманды Янік Вэбэр.
За 2 хвіліны 40 секунд да канца першага перыяда зборная Швейцарыі засталася ў меншасці і праз некалькі секунд Рэтэ Шапі забіў гол у вароты Коваля. Лік стаў 1:2. Некалькі секунд — і ў нашы вароты ледзь не закінулі яшчэ адну шайбу. І гэта пры колькаснай перавазе. А тут яшчэ за парушэнне колькаснага саставу беларусы зноў засталіся ў меншасці. Але не на доўга: за атаку галкепера быў выдалены і гулец зборнай Швейцарыі.
На перапынак каманды пайшлі з лікам 1:2. Магчыма, нашай камандзе не хапіла часу аднавіцца пасля ўчорашняй гульні з Казахстанам. Даволі заўважнымі былі памылкі абароны, асабліва на правым фланзе. Швейцарцы выглядалі больш упэўнена.
Другі перыяд пачаўся з атак зборнай Беларусі. Нашы хакеісты спрабавалі рэалізаваць большасць: толькі тры гульца зборнай Швейцарыі былі на лёдзе. Не атрымалася. Гэтак жа, як і не атрымалася забіць гол, пакуль швейцарцаў было чацвёра.
Але пасля патасоўкі ля варотаў Швейцарыі адбылося двухбаковае выдаленне. І тут Андрэй Стась абыграў абаронцу Швейцарыі выйшаў адзін на адзін з галкіперам Рэтэ Бэра і забіў шайбу. Лік стаў 2:2.
Пасля гэтага ўвесь перыяд прайшоў у безвыніковых спробах забіць шайбу з боку абедзьвюх каманд. І нават некалькі стоадсоткавых галявых момантаў у варот Швейцарыі рэалізаваць не атрымалася. На дургі перапынак каманды пайшлі ўсё з тым жа з лікам — 2:2.
Трэці перыяд пачаўся са спроб узяцця беларускіх варотаў. Кожную змену швейцарцы рабілі кідкі па нашых варотах. У выніку, Эцьен Фруадэво, які толькі з'явіўся на лёдзе, разабраўся з двума беларускімі абаронцамі і забіў трэцюю шайбу Ковалю. Такім чынам, на 4-й хвіліне, пасля 5-га кідка ў нашы вароты лік стаў 2:3.
Беларусы зрабілі некалькі неўдалых сроб забіць шайбу ў адказ. Нарэшце на 10-й хвіліне пасля пасу Аляксея Калюжнага, Міхаіл Грабоўскі, кінуўшы пад перакладзіну, забіў гол у вароты Рэтэ Бэра. Лік зноў зраўняўся — 3:3.
Пасля гэтага штохвілінна беларуская зборная прадпрымала спробы прабіць вароты швейцарцаў. Безвынікова. Абарона альпійскай каманды была вельмі трывалай. Але раптам, за амаль 4 хвіліны да канца матча быў выдалены на дзве хвіліны Янік Вэбэр. Яшчэ 30 секунд і за падножку выдалілі беларуса Дзмітрыя Корабава. Чатыры на чатыры. Нашы пайшлі ў атаку. Пасля перадачы Сяргея Касціцына Міхаіл Грабоўскі забіў чацвёртую шайбу — 4:3.
Дзве хвіліны да канца матча і паўтары хвіліны нам гуляць у меншасці. Швейцарцы знялі галкіпера. Беларусы гуляюць учатырох супаць шасці. Трэнер зборнай Швейцарыі узяў тайм-аўт, каб паспрабаваць збіць гульнявы тэмп. Пасля тайм-аўта швейцарцы прыціснулі нас да варотаў, але так і не змаглі нічога зрабіць.
Беларусь перамагла з лікам 4:3 і атрымала яшчэ тры ачкі ў залік. Віншуем з перамогай!
Каманды прадэманстравалі хуткасны, даволі адкрыты і цікавы хакей. Дарэчы, высокі ўзровень і відовішчнасць — характэрныя рысы гэтага чэмпіяната. На матчы Беларусь — Швейцарыя ў "Мінск-Арэне" прысутнічала 13207 гледачоў (на матчы Беларусь — ЗША было 13600).
Вынікі іншых матчаў 12 мая:
Славакія — Францыя 3:5
Чэхія — Канада 3:4
Расія — ЗША 6:1