Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы
Культурнае імпартазамяшчэнне? Дакумент на 10 старонак пра новую канцэпцыю беларускай культуры быў выстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Што ў ім прапануюць зрабіць з беларускай культурай? Зладзіць імпартазамяшчэнне! Але ў Беларусі, папросту кажучы, няма чым замяніць загніваючую культурку з Захаду, разважае «Будзьма».
У сеціве з’явіўся праект «Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы на 2024–2026 гады», створаны групай ананімных аўтараў у кулуарах айчыннага Мінкульта. Днямі навіна пра гэта атрымала рэзананс, але што аказалася — дзесяцістаронкавы дакумент быў выстаўлены на грамадскае абмеркаванне яшчэ 2 тыдні таму. І ў хуткім часе яно скончыцца. Таму давайце яго і абмяркуем, бо дэдлайн — 1 кастрычніка.
«Праблемнае поле»
Першае, з чаго варта пачаць — грувасткія канструкцыі кшталту «культурного импортозамещения». Дакумент напісаны вельмі цяжкой і складанай мовай, якой любяць грашыць нашы чыноўнікі. А асобныя тэрміны з састарэлымі і даўно выведзенымі з ужытку словамі кшталту «бытование» — гаворка, вядома, пра беларускую мову, у якой, канешне ж, праблемы з гэтым самым бытаваннем агулам збіваюць з панталыку.
Не кожны, нават добра адукаваны чалавек, зможа адразу разабрацца з тым, што там да чаго. Асабліва калі ўлічыць, што ў праекце таксама заўважна праблема з лагічнай паслядоўнасцю, бо ў адным абзацы пішуць адно, а ў наступным — іншае.
Як прыклад ва ўводзінах аўтары ў адным з абзацаў дэкларуюць захаванне «культурного многообразия и открытости к результатам творческой деятельности иных народов», але ўжо ў наступным тлумачаць, што распрацоўка «концепции обусловлена определенным негативным влиянием политических, моральных, эстетических взглядов и ценностей иностранного происхождения и созданных на их основе культурных продуктов, результатов интеллектуальной и творческой деятельности на мировоззрение, нравственность, социальное поведение граждан, представляющим потенциальную угрозу политической, социальной и демографической безопасности Республики Беларусь».
Натуральна, што падвяргаецца жорсткай крытыцы аўтараў праекта ўплыў найперш заходняй культуры, «преимущественно имеющей английское и американское происхождение».
Чаму так? А раней што, было іначай?
Адказ просты — цяперашнія беларускія ўлады мякка кажучы ў нацягнутых адносінах з «калектыўным Захадам», але ў прыязных з пуцінскай Расіяй, якая няўдала спрабуе выбудаваць сваю Еўразійскую імперыю.
Вось толькі бяда хіба ў тым, што рухае гэты свет акурат «загніваючы» Захад. Бо там цяпер і тэхналогіі, і трэнды, і брэнды. Поўны набор, як той казаў. Ёсць, вядома, нейкі містычны «глабальны Поўдзень», з якім неяк спрабуюць наладзіць стасункі беларускія ды расійскія дыпламаты, але гэта хутчэй пра рэсурсы. І праўда тут найперш у тым, што ад наяўнасці танных рэсурсаў стан культуры ніякім чынам не палепшыцца.
Усе мы насамрэч збольшага карыстаемся заходнімі сэрвісамі, глядзім ролікі на Ютубе, слухаем музыку на споціфай, посцім фотачкі ў Інстаграме. І так не толькі ў нашым рэгіёне, але ва ўсім свеце. І наўрад ці з наскоку атрымаецца істотна памяняць сітуацыю. Бо пачалася яна не год, і не два таму. Яшчэ калі Эрнест Хэмінгуэй пачынаў сваю літаратурную дзейнасць, паперадзе яго кацілася банка кока-колы. Таму і такая папулярнасць ва ўсім свеце.
З марай аб Чучхэ
Ад першай старонкі аўтары гавораць пра імпартазамяшчэнне. Наракаюць, што ў кінатэатрах няма беларускіх стужак самага рознага кшталту, якія б карысталіся шалёнай папулярнасцю. І тут яны маюць рацыю, бо мы і праўда глядзім пераважна амерыканскае кіно. На фоне якога еўрапейскае, а пагатоў і азіяцкае выглядаюць блякла.
Але што паробіш, калі ў Галівудзе пабудавалі сапраўдную індустрыю, якая робіць цудоўны масавы прадукт? Расійцы толькі ў апошняе дзесяцігоддзе навучыліся здымаць штосьці больш-менш прывабнае. Але зроблена тое зноў жа па амерыканскіх лякалах. Усе гэтыя недарагія і дарагія баевікі, фільмы жаху, меладрамы, камедыі і сіткомы. Вельмі лёгка ўбачыць нават у трэйлеры, не занураючыся ў цэлы фільм, руку дзядзюшкі Сэма. А беларускага прадукту добрай якасці і неабходнай колькасці папросту няма...
Такое адчуванне, што чыноўнікі, калі рыхтавалі гэты дакумент, натхняліся паўночнакарэйскімі ідэямі Чучхэ, якім пастаўлены помнік у самым цэнтры Пхеньяна. Дарэчы, адзіны помнік ідэям ва ўсім свеце…
Але тут зноў жа праблема — Паўночная Карэя, якой бы яе ні малявалі ў прэсе, мае сваю даўнюю і глыбокую культуру. Якая ідэальна лягла на пануючую ў гэтай краіне ідэалогію. І тут ёсць яшчэ адно істотнае «але» — людзі ў краіне папросту не ведаюць, што існуе альтэрнатыва. Таму і глядзяць свае фільмы, слухаюць сваю музыку, апранаюцца па ўласнай модзе. Пра тое, што адбываецца ў свеце, аддалена чуюць хіба што ў навінах, бо адзіная крыніца сувязі з ім — Кітай. Але і там вельмі далёка да свабоды і дэмакратыі. Хаця Кітай і спрабуе гуляцца ў іх час ад часу.
Для вельмі абмежаванага кола ў КНДР ёсць доступ у сеціва, а ўсе астатнія карыстаюцца Кванмёнам — тое самае, што і інтэрнэт, але лакальнага ўзроўню. Там ёсць свае сайты, хай сабе і не такія прыгожыя, свае парталы і бібліятэкі, нават існуюць свае сацыяльныя сеткі.
Але ў Беларусі, папросту кажучы, няма чым замяніць загніваючую культурку з Захаду. Як ты не блакіруй сайты, не карай за падпіскі, але непажаданая інфармацыя ўсё адно прасочыцца.
Бо мы жывём у постіндустрыяльны час, калі аднаго закліку з плаката мала — чалавек наўрад ці так вось паверыць нейкай нагляднай агітацыі, бо можа і хоча ўсё спраўдзіць. Не кажучы ўжо аб тым, што беларусы рэгулярна ездзяць за мяжу, найперш на той самы Захад, і бачаць на ўласныя вочы, што там ды як.
То-бок паўночнакарэйскі досвед, можа, камусьці з экспертаў і падаецца цікавым, але для беларускай сітуацыі ён малапрыдатны. Хіба што калі мяжа канчаткова будзе закрыта, а ў краіне проста адключаць доступ да інтэрнэту.
Гістарычная праўда
Тое, што невядомыя чыноўнікі пераймаюцца «бытаваннем» беларускай мовы, па вялікім рахунку добра. Бо не пакідае надзея на тое, што можа быць распрацаваны і ўвасоблены хоць бы нейкі праект, які не дасць ёй канчаткова сканаць. Але спадзеў на тое мінімальны, бо ў дакуменце таксама гаворыцца і пра нейкае «традиционное белорусско-русское двуязычие».
Гэтыя гульні з агнём стамляюць, бо, як памятаем, краіна наша заўжды была шматмоўнай. І нават у Савецкай Беларусі па першым часе было не 2, але 4 дзяржаўныя мовы — беларуская, руская, польская і ідыш. Прычым апошняя мела такі статус толькі ў БССР — нідзе ў свеце на той момант яна болей не была прызнана на такім высокім узроўні. Што, безумоўна, з’яўляецца нагодай для гонару.
Але не варта здзіўляцца такім рэчам, як скарачэнне колькасці «традыцыйных» моў краіны. Аўтары лічаць, што «в условиях современной исторической правды требует пересмотра содержание музейных экспозиций, посвященных периоду Великого Княжества Литовского и Речи Посполитой». Праўда, што ж гэта за ўмовы такія — не ўдакладняюць. Як і не даюць акрэсленага вызначэння гэтай самай «гістарычнай праўды». Бо праўда тая, як вядома, у кожнага — свая.
Але, падаецца, што ўжо зараз няцяжка здагадацца, чаго нам чакаць у бліжэйшыя гады: тое, у чым варта было б шукаць духоўнае апірышча, будзе бязлітасна выкараняцца як непажаданае. Разам з тым не можа не цешыць той факт, што ўсе гэтыя высілкі хутчэй за ўсё акажуцца марнымі.
Асабліва калі ўлічыць, што жывём мы ў эпоху лічбавага кантэнту і вельмі даступнага сеціва. Каб усё спрацавала, яго банальна давядзецца адключыць у Беларусі.