Дакументальнае кіно сусветнага ўзроўню завітае ў Мінск

На наступным тыдні ў беларускай сталіцы пройдзе фестываль дакументальнага кіно «Watch Docs».

watch_docs_20160623_1082458098.jpg

Фестываль не мае буйных спонсараў, ён арганізаваны на сродкі, сабраныя краўдфандынгам, з дапамогай валанцёраў і па ініцыятыве грамадскай арганізацыі "Звяно".

Фестываль праводзіцца трэці раз. Усе фільмы транслююцца на мове арыгіналу з субтытрамі па-руску або па-беларуску. Галоўная місія фестывалю — прыцягнуць увагу да найбольш актуальных падзей сучаснасці і стварыць прастору для іх абмеркавання.

633822a8_eaa4_4c15_a674_6f676ca17cd6.file



Ці кіно дапамагае ў рэалізацыі гэтай мэты — прыцягнення ўвагі да праблематыкі правоў чалавека. Пра гэта распавёў адзін з арганізатараў польскага фестывалю “Watch Docs” Мацеем Навіцкім.

— Фестывалі праваабарончых фільмаў на Захадзе ладзяцца даўно, гэта не нішавыя акцыі, а маштабныя мерапрыемствы. У Беларусі падобны фестываль ладзіцца толькі трэці раз, але бачна да яго інтарэс. Наколькі кіно — гэта тая мова, якая спрыяе таму, што тэма правоў чалавека сягае шырэйшай аўдыторыі?

— Моцна дапамагае, — распавёў Мацей Навіцкі. — Мова кіно стала такім інструментам, які дзейнічае нават у сітуацыі канфлікту, падзелаў. Найлепшы тут прыклад — гэта фестываль ва Украіне, які мы дапамагалі праводзіць. Цяпер гэта вялікая імпрэза, якая адбываецца па ўсёй Украіне, у тым ліку і на Крыме пад акупацыяй і на Данбасе. Нягледзячы на небяспеку, людзі прыходзяць і цікавяцца. Такім чынам, фільм дазваляе дагрукацца да больш шырокай групы людзей. Дакументальнае кіно больш чым рэпартажы ды артыкулы даходзіць да людзей.

— Наколькі кіно можа стаць тым, што спрыяе зменам у грамадстве?

— Адказ тут адзін — кіно не змяняе наўпрост свет. Рэдка так здараецца. Затое людзі, якія глядзяць фільмы, часцей змяняюць свет. Мы верым, што кіно ўплывае на ўспрыняцце, на эмоцыі, на паводзіны людзей. Таму мы робім фестываль дакументальнага кіно «Watch Docs».

— Скажыце як успрымае публіка ў розных краінах праваабарончае кіно? Ці ёсць розніца тут паміж Польшчай, Украінай ды Беларуссю? Ці кіно — гэта больш універсальная мова?

— Лакальныя адрозненні ёсць заўсёды. Гэта звязана з сітуацыяй, з тым, што найбольш вострае ў дадзены момант. Аднак, на маю думку, гэта мае другаснае значэнне. Мова кіно, як і мода, універсальная. Напрыклад, летась у Беларусі на фестывалі “Watch Docsc” быў фільм «Як змяніць свет?», які карыстаўся папулярнасцю і ў Варшаве і на свеце. Фільм расказвае праўдзівую і драматычную гісторыю Greenpeace. Актывізм ад фазы гераічнай да інстытуцыйнай. Большая розніца тут хутчэй ёсць паміж вялікімі гарадамі і правінцыяй. У гарадах, дзе ёсць багатая культурная прапанова, людзі лепш успрымаюць поўнаметражныя фільмы, якія патрабуюць большай канцэнтрацыі ды перажыванняў. У меншых мястэчках лепш успрымаецца кароткаметражны фільм. Гэта кіно больш мастацкае, бо аўтары тут маюць большую свабоду, хоць і меншыя грошы.

— Як вы ацэньваеце перспектывы фестывалю ў Беларусі?

— Можна сказаць, што расце зацікаўленасць. Фестываль быў у Мінску двойчы, у Горадні раз. Арганізатары рашыліся атрымаць афіцыйны допуск да пракату ды кінатэатраў, выйсці на ўзровень, дзе нашмат больш жорсткі кантроль зместу фільмаў. Ім удалося. Цяпер настаў момант, калі дзверы крыху прыадчыніліся, іх трэба далей адчыняць. Тым больш, што ў Беларусі, як ва ўсім свеце, дакументальны фільм становіцца ўсё больш і больш папулярным. Дастаткова зірнуць на фестываль «Лістапад», які таксама паказвае дакументальныя фільмы.

images_32.png


«Watch Docs Belarus» пройдзе 14–17 снежня ўпершыню і на вялікім экране — адной з пляцовак фестывалю будзе кінатэатр “Мір”.

www.radyjo.net, размаўляў Юры Ліхтаровіч