Дыпламаты ЗША, Італіі і Карэі чытаюць па-беларуску (відэа)

Прадстаўнікі дыпмісій ЗША, Рэспублікі Карэя, Украіны і Славакіі далучыліся да беларускамоўнага паэтычнага флэшмоба. Яны прачыталі вершы Ніла Гілевіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы.

belreading_720x270_2_1.png


Дыпламаты прызналіся, што ініцыятыва «Чытаем па-беларуску з velcom» з'яўляецца для іх асабліва цікавай з прычыны таго, што беларускай мовай ніхто з іх не валодае, аднак усе без выключэння лічаць яе важнай часткай нацыянальнай беларускай культуры.
Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі спадар Роберт Джон Райлі падключыўся да ініцыятывы і прачытаў верш Ніла Гілевіча «Белыя сыплюцца долу крышталікі...». Спадару Роберту Джону Райлі атрымалася перадаць настрой гэтага, сапраўды «зімовага» твора.


Праект падтрымала і пасольства Рэспублікі Карэя. Памочнік Пасла Рэспублікі Карэя ў Беларусі Ю Хо Гел абраў для чытання верш Якуба Коласа «Надыход зімы». «Культура Беларусі вельмі адрозніваецца ад карэйскай. Яны абсалютна розныя, але кожная па-свойму цікавая. Беларуская мова здаецца мне вельмі прыгожай, і таму наша Пасольства з радасцю пагадзілася падтрымаць дадзеную ініцыятыву», – пракаментаваў Ю Хо Гел.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі Стэфано Б'янкі далучыўся да праекта з санетам Язэпа Пушчы «Дантэ Аліг'еры». Спадару Стэфано Б'янкі ўдалося знайсці твор, які аб'ядноўвае дзве культуры: беларускую і італьянскую.

Таксама да праекта далучылася амбасада Украіны. Яе прадстаўляе сын супрацоўніка Пасольства Украіны ў Беларусі Дзмітрый Цвердахлебаў. Для падтрымкі праекта хлопчык абраў твор Якуба Коласа «Будзь цвёрды».

Услед за Паслом Славацкай Рэспублікі Ёзэфам Мігашам ініцыятыву падтрымалі яго жонка і дачка.


Дачка Пасла Славакіі Міхаэль Элізабэт Мігашова прачытала верш Янкі Купалы «Спадчына». Жонка Пасла Эва Мігашова абрала для чытання твор «Зоркі» гэтага ж аўтара, а таксама пракаментавала ўдзел у зімовым паэтычным флэшмобе: «Мы ўсёй сям'ёй вырашылі падтрымаць ініцыятыву, таму што праект падаўся нам вельмі цікавым. Беларуская мова – прыгожая і мілагучная, і наша дачка з асаблівым задавальненнем вывучае яе ў беларускай школе».


Падтрымка праекта прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў Рэспубліцы Беларусь — не адзіны прыклад удзелу замежных грамадзян у ініцыятыве. Раней удзельнікаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» ужо падтрымалі генеральны дырэктар і топ-менеджэры velcom. Яны запісалі відэа ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў.

Раней відэа з чытаннем беларускіх твораў запісалі ў Мінску кіраўнікі дыпмісій Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі, Кыргызстана і Швецыі.
Першы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Чытаем па-беларуску з velcom» працягнецца да 20 снежня 2017 года. Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі сярод навучэнцаў 7 і 8 класаў. Удзельнікам прапануецца запісаць відэа, на якім яны чытаюць адзін з твораў беларускай літаратуры. Затым неабходна размясціць відэа на асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак (Вконтакте, Facebook, Instagram) і пазначыць публікацыю афіцыйным хэштэгам конкурсу #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom. Лепшыя, на думку журы, канкурсанты будуць названы да 29 снежня 2017 года і прымуць удзел у рэгіянальных этапах конкурсу ў 2018 годзе. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць смартфоны маркі Apple.