Фіналістка «Засьпявай 2.0» Валерыя Дэле выступіць разам з ili-ili

28 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 выступіць Валерыя Дэле, а госцем будзе гурт ili-ili, у склад якога ўваходзяць акторы Купалаўскага тэатру Міхась Зуй, Зміцер Ясеневіч і Павел Яскевіч.



ili.jpg

ili-ili

20-гадовая Валерыя Дэле нарадзілася і вырасла ў Беларусі, а прозвішча ёй дасталося ад бацькі, які паходзіць з Эфіопіі. Пасля сканчэння школы яна зацікавілася сучаснай беларускай музыкай. Прызнаецца, што яе першая любоў — песня «Канюшня» ў выкананні :B:N:. Пасля таго, як Вікторыя патрапіла на «Спеўны сход», які ладзіць Сяржук Доўгушаў з гурта Vuraj, яна адкрыла для сябе багацце беларускага фольку. Асабліва зачаравалася песняй «Усе лугі», якую пачула ў выкананні гурта Kriwi. «Гэтую песню я марыла заспяваць ужо даўно, таму пачуўшы пра „Засьпявай 2.0“, адразу вырашыла, што буду прымаць удзел. Я папрасіла маіх сяброў-капаэйрыстаў мне дапамагчы, і ў выніку у нас атрымаўся нейкі беларуска-бразільска-ўсходнеафрыканскі мікс. Запіс, вядома, не ідэальны, але ён стаў увасабленнем маёй мары зрабіць гэтую песню». У выніку з сваёй версіяй песні «Усе лугі» Валерыя трапіла ў фінал «Засьпявай 2.0» у намінацыі «Кавэр».

У фінальнай серыі канцэртаў «Засьпявай 2.0» Валерыю Дэле падтрымае сваім выступам гурт ili-ili. Трыё актораў Купалаўскага тэатру ўзяла ў падмацоўку жывую рытм-сэкцыю, каб стварыць адзін з самых магутных і рамантычных альбомаў апошніх гадоў у беларускай музыцы пад назвай «list», куды ўвайшлі такія песні, як «Танчыць», «Сэрцы», «Будзе як будзе». Гурт сыграе ў гэты вечар свае галоўныя гіты і пакажа зусім новыя творы.

budzma.by__wp_content_uplo_a711d545f81ce25a46ed5efcbb8e5f76.jpeg

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 еўра.

НАБЫЦЬ КВІТКІ НА КАНЦЭРТ ВАЛЕРЫІ ДЭЛЕ І ILI-ILI

28.08. 20:00. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). Валерыя Дэле і гурт ili-ili. Квіткі — у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт: 60 000 — 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень, пры наяўнасьці). Інфалінія: +375-29-676-81-95.

Tuzin.fm, budzma.by