Гарадзенцы напісалі гімн Украіны па-беларуску

22 сакавіка ў Гародні больш за 100 чалавек прыйшлі ў залю на Будзёнага 48а, каб паўдзельнічаць у прэзентацыі  шоў-інтэрактыўнага занятку ад гарадскіх модных курсаў “Мова ці кава” і напісаць VII Гарадзенскую дыктоўку.



ales_zaleusku_valiaryna_kustava_u_garodni_logo.jpg

Алесь Залеўскі і Валярына Кустава

З вітальным словам да прысутных звярнуўся Эдвард Дзьмухоўскі. Далей вядоўцы “Мовы ці кавы” літаратарка і тэлевядоўца Валярына Кустава і яе калега гарадзенец Алесь Залеўскі звярнуліся да залі, каб спраўдзіць чаканні прысутных.

marchuk1_logo.jpg

Гарадзенская журналістка Хрысціна Марчук адказвае на пытанні Валярыны Куставай

Валярына як даследчыца творчасці Караткевіча,  аўтара рамана  “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, была перакананая, што слушна называць горад Гародняю. Алесь жа, існы гарадзенец, быў за варыянт — Горадня. Бальшыня аўдыторыі прагаласавала за варыянт сталічнай паэткі. А за найменне Горадня выступіла каля некалькіх класічных апазіцыйных адсоткі. Але ўсе кропкі над “і” расставіў гісторык Алесь Краўцэвіч: трэба казаць Гародня!

Алесь і Валярына прапанавалі прысутным агучыць і абраць міф і брэндгораду: “Гародня — гэта сталіца…” Чаго? Былі прапанаваныя крэатыўныя варыянты… У выніку галасавання Гародня сталася сталіцай — беларускай культуры, гісторыі, паэтаў і кантрабандыстаў. Таксама сталіцай панкаў. Хаця першапачаткова прапаноўвалася зрабіць яе сталіцай па(р)каў.

Асноўную частку занятку прысвяцілі тэме: «Як пачаць размаўляць па-беларуску», бо тэма гэта найважнейшая для людзей, якія робяць першыя крокі да мовы. Дый паразважалі, як перайсці паўсюль да размоў па-беларуску, што ёсць праблемай бімоўных беларусаў. І гарадзенцы тут — не выключэнне.  Была прэзентаваная цікавая лексіка слоўнічка “Мова ў палявых умовах” і размоўнік, творчыя заданні ў групах, гульні. Гледачы прапаноўвалі свае радыкальныя і пяшчотныя варыянты адказаў асобам, якія, сутыкнуўшыся з беларускамоўным чалавекам, просяць яго “перайсці на нармальны язык” ці сцвярджаюць, што не нічога не разумеюць.

Пасля заняткаў Валярына запрасіла выйсці на сцэну прысутных дзетак і разам з імі і Алесем прадыткавала гледачам дыткоўку — гэтым разам гарадзенскімі арганізатарамі імпрэзы ў якасці тэкста дыктоўкі быў абраны гімн Украіны, які пераклаў на беларускую мову малады гарадзенскі журналіст Алесь Кіркевіч. Таксама ў залі аказалася ўкраінка Аля, якая па-уркаінску падзякавала арганізатарам і вядоўцаў і выканала ў арыгінале першы слупок украінскага гімну.

Трэцім блокам свята стаўся канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, які распачаў яго  песняй на верш Рыгора Барадуліна  “Арыстакратка кахання”, які выканаўца прысвяціў вядучай курсаў “Мова ці кава”. Далей “свой, сціплы і харызматычны”, як пазіцыянаваўся сам Вайцюшкевіч, артыст захапіў публіку ў палон свайго голаса і вершаў Барадуліна, яму падпявалі ўсе – ад пані трошку ў гадах да меленькіх дзетак. Панавала цёплая сяброўская атмасфера.  Цешыць, што на мерапрыемства завіталі як і гарадзенскія дзядулькі, так і моладзь, і нават цэлыя сем’і з дзеткамі.

mc2_logo.jpg

Спадзяемся, курсы “Мова ці кава” вернуцца ў Гародню і на наступную,  VIII Гарадзенскую дыктоўку.