Гродзенскія бібліятэкі не прынялі беларускамоўнае выданне кніг Алексіевіч без цэнзарскіх правак
25 чэрвеня ў Мінску прайшла прэзентацыя беларускамоўнага пяцітомніка «Галасы Утопii» нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч.
Гэта выданне адбылося дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі на Ulej.by. Было сабрана каля $ 115.000. У закрытай прэзентацыі прыняло ўдзел больш за 400 чалавек.
Падчас афіцыйнай часткі з урачыстай прамовай выступілі заснавальнік краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej.by Эдуард Бабарыка, старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, незалежны выдавец Ігар Логвінаў, пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Ёханесан, Уладзімір Арлоў ад імя ўсіх пяці перакладчыкаў зборніка і сама Святлана Алексіевіч.
На прэзентацыі ўдзельнікі краўдфандынгавай кампаніі маглі забраць перадзамоўленыя кнігі і прыняць удзел у аўтограф-сесіі Святланы Алексіевіч, якая доўжылася 2,5 гадзіны. Усе жадаючыя атрымалі подпіс нобелеўскага лаўрэата.
«Я, на жаль, павінна прызнаць, што мае кнігі не гісторыя, яны не пра мінулае, — сказала Святлана Алексіевіч у рамках прэзентацыі. — На жаль, мы яшчэ б'емся ў цісках гэтага мінулага. Мінулае аказалася не ззаду, а наперадзе нас, паколькі ў 90-я гады мы не зрабілі таго, што павінны былі зрабіць, і ў выніку атрымалася зноў адчуванне паразы. Але ніякія аўтарытарныя ўлады, ніякія старыя ідэі не вечныя. Жыццё рухаецца, і ніхто не можа павярнуць біялогію і час».
У краўдфандынгавай кампаніі прыняў удзел і беларускі бізнес. У тым ліку самы вялікі ўклад — каля 60% ад сабранай сумы — унёс Белгазпрамбанк. Іх предзаказ на 3.000 камплектаў кніг быў зроблены для перадачы пяцітомнікаў усім бібліятэкам Беларусі. Цяпер ідзе працэс перадачы кніг кожнай з абласцей краіны. Аднак улады не ўсіх рэгіёнаў гатовыя прыняць дар. Як заявіў на прэзентацыі старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка, —«у Гродзенскай вобласці ўвялі паняцце «дастатковасці кніг» і заявілі, што ў іх у бібліятэках кніг дастаткова. Але ж гэта пераклады кніг Алексіевіч, якіх раней не было! А гэта значыць, што дастатковасць кніг Алексіевіч у Гродзенскай вобласці — нуль?». Ён прапануе бібліятэкам Гродзенскай вобласці ў прыватным парадку звяртацца ў абласное прадстаўніцтва Белгазпрамбанк за кнігамі нобелеўскага лаўрэата.
Краўдфандынгавая кампанія была праведзена ў суаўтарстве з выдавецкім домам «Логвiнаў» і Ulej.by. Гэта першы вопыт пляцоўкі, калі яна стала не толькі інструментам для збору фінансавання праектаў, але і актыўным удзельнікам.
«Тое, што мы зрабілі разам з вамі — гэта нармальна, — кажа заснавальнік Ulej.by Эдуард Бабарыка, — Цалкам нармальна не баяцца і, нягледзячы ні на што рабіць тое, што лічыш правільным і важным. Цалкам нармалёва не чакаць, калі зверху нешта прапануюць, а браць ініцыятыву ў свае рукі. І мы з вамі проста палічылі правільным і важным выдаць свайго нобелеўскага лаўрэата на беларускай мове. І зрабілі гэта. Самае дзіўнае ў гэтым усё тое, што рабіць правільныя рэчы аказваецца не складаней, чым не рабіць нічога. А яшчэ цікава тое, што за гэтым праектам стаім мы — некалькі соцень чалавек — і мы нават не ведаем адзін аднаго. Але, з іншага боку, у нас ёсць шмат агульнага: мы ўсе любім Беларусь, мы ўсе любім беларускую культуру, мы ўсё паважаем працу Святланы Аляксандраўны і мы ўсе ганарымся нашым першым і адзіным нобелеўскім лаўрэатам. Гэтага аказалася дастаткова для таго, каб мы разам стварылі гісторыю. І я зразумеў, што ў такой Беларусі і менавіта з такімі беларусамі хочацца жыць».
На дадзены момант пяцітомнік «Галасы Утопii» ужо з'явіўся ў вольным продажы ў кнігарні «Логвiнаў», oz.by і symbal.by. Неўзабаве наклад паступіць і ў іншыя кнігарні.
Паводле прэс-рэлізу