Гурт UZARI запісаў беларускамоўную кавер-версію песні «Стыцамен» Івана Дорна

Прадстаўнік Беларусі на конкурсе «Eurovision-2015» Юзары Наўроцкі са сваім гуртом UZARI запісаў кавер-версію песні Івана Дорна «Стыцамен». Ролік на песню гурт апублікаваў на сваіх акаунтах у сацсетках.

Фота з fb Uzari

Фота з fb Uzari

«Пасля ўдзелу ва ўкраінскім шоу «Голас країни» цэлы год прыхільнікі прасілі мяне запісаць кавер на «Стыцамена», і вось, нарэшце, я зрабіў гэта, але па-свойму, па-беларуску. Аднойчы ўвечары мы рэпетавалі ў студыі, і Дзіма, наш гітарыст, найграў рыф. Мы падхапілі тэму, і праз паўгадзіны песня ўжо была гатовая ў тым выглядзе, у якім вы чуеце яе цяпер. Песня ў новай аранжыроўцы так зачапіла нас, што мы вырашылі выкласці яе ў сеціва», — кажа Юзары.
На беларускую мову тэкст песні пераклала маладая паэтка Даша Бялькевіч.