«Калі ёй спатрэбілася дапамога, Беларусь не дапамагла». Ганне Хітрык прысвячаецца
Калі з краіны з'язджае чарговы беларус — гэта заўсёды страта. Калі з'язджае такі чалавек як Ганна Хітрык, актрыса Купалаўскага тэатра, артыстка і наша зорка — удвая большая.
Фота vk.com/sounduk
У сваім тэксце тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў згадвае самыя яркія
яе ролі і сумуе па эпосе, якая сыходзіць разам з пераездам Ганны ў
Ізраіль.
— Неабходнасць напісаць нешта пра Ганну Хітрык пячэ мяне знутры. Як тэатразнаўца і менеджар я мушу разбірацца ў тэатры, але тое не перашкаджае тэатру заставацца глыбока асабістай справай, якая натхняе, папярэджвае, якая дае рады з унутранай разгубленасцю. Я думаю, што мусіў бы праверыць факты, якія апісваю тут, расставіць свае ўражанні па храналогіі, падняць нататкі з датамі прэм'ер… Я абавязкова зраблю гэта пазней, але цяпер мне важна занатаваць тыя крохкія ўспаміны, бо толькі яны і ёсць сапраўдным дакументам тэатральнай гісторыі.
Маё першае знаёмства з Хітрык-актрысай было, можна сказаць, выпадковым. Я пабачыў яе на сцэне ў спектаклі «КІМ». Калі шчыра, гэта не той спектакль, з якім я хацеў бы асацыяваць знаёмства з, напэўна, самай крутой артысткай беларускага тэатра пачатку ХХІ стагоддзя.
Яе голас гучаў неяк асабліва сярод іншага ансамбля, гэта быў голас упэўненай у сабе дзяўчыны. І гэтага было дастаткова, каб укараніцца ў маім падлеткавым мозгу, які імкнуўся да ўсяго больш-менш упэўненага.
На пачатку 2000-х гадоў у Купалаўскі тэатр прыйшла класная моладзь. І тэатр быццам бы хацеў даць маладым артыстам і рэжысёрам рэалізавацца. З'яўляліся спектаклі, праводзіліся лабараторыі, але ўзаемнай задаволенасці не было. Праблема, мабыць, была ў тым, што магчымасці ў тэатра былі вельмі і вельмі абмежаваныя.
Я помню лабараторны паказ у рамках праекту «Тэатр-анлайн». Ганна Хітрык разам з Андрэем Гладкім гралі ва ўрыўку паводле Андрэя Курэйчыка, паставіла яго знакамітая расійская актрыса Аксана Мысіна. Гэта была размова мужа і жонкі, у якой шмат гаварылася пра выпадковыя, нязначныя рэчы, у якой было шмат злосці на партнёраў, якія не чуюць. Быў у гэтым спектаклі кранальны фінал, дзе героі дамаўляліся нарэшце зрабіцца «сапраўднымі».
На фуршэце пасля заканчэння праекту я браў каментар у Аксаны Мысінай. Яна так нахвальвала Хітрык, што я шчыра спужаўся, ці не з'едзе тая ў выніку ў Маскву. Гэта гучала як прапанова працы, хоць у Аксаны Мысінай не было свайго тэатра, а было так званае «тэатральнае братэрства». Але тады шмат беларускіх артыстаў з'язджалі ў Маскву. Я спужаўся так моцна, што наўпрост папрасіў Мысіну не забіраць у нас Хітрык. Цяпер я ўспрымаю той свой учынак як бздуру і нахабства, але Мысіна вельмі сур'ёзна на мяне паглядзела і спакойным тонам адказала, што кожны мусіць выбіраць за сябе. Амаль адразу пасля гэтых слоў да яе падышла Хітрык, і ўжо не было магчымасці працягнуць інтэрв'ю.
Для мяне першым спектаклем, дзе яе патэнцыял рэалізоўваўся напоўніцу, была «Балада пра каханне». Я глядзеў яго некалькі разоў, хоць прарвацца на малую сцэну Купалаўскага было цяжка.
Таму спектакль, у якім маладыя акцёры гралі беларускі твор жывога на той момант класіка, выклікаў вялікія спадзяванні — усё ўспрымалася неяк абвострана.
…Пасля Плошчы-2006 на базе Сучаснага мастацкага тэатра Павел Харланчук паставіў спектакль «Старэйшы сын» паводле Вампілава. Ніну грала Хітрык. Я ўжо не памятаю, як я трапіў на рэпетыцыі спектакля, але для мяне яны былі тэрапеўтычнымі. Я мала з кім супаў у захапляльных ацэнках: Харланчук ставіў пра тое, як чужыя становяцца роднымі. Я ў гэтым бачу беларускую праблему: чаму мы ўрэшце не можам даверыцца адно аднаму? Хітрык грала, па сутнасці, сапраўдную галаву сям'і. Яна стамілася, хацела збегчы, Бусыгін павінен быў прыйсці на яе месца. «Я ведаю, што ты хочаш, — казаў ёй Харланчук у ролі Бусыгіна. — Замуж, ты сама казала». Хлопалі дзверы, Хітрык заставалася на сцэне адна, секунд за пяць яна са спакойнага іранічнага стану праз ярасць даходзіла да адчаю і істэрыкі. Назіраць за такой хуткай зменай пражытых эмоцый — адно з самых моцных маіх уражанняў як гледача. У чым прырода гэтага адчаю? У тым, думаю, што замужжа не было выйсцем, Аніна Ніна збягала з адной клеткі ў другую, сапраўднай свабоды ў гэтым не было.
Дзіўна зусім нічога было б не сказаць пра «Дзеці дзяцей». Іх з'яўленне супала з сапраўднымі поспехамі Хітрык у тэатры. Яна цудоўна грала «Матылька» ў Тэатры юнага гледача, Доктара ў «Войцэку» Монікі Дабраўлянскай, свае ролі ў Купалаўскім… Гэтай энергіі можна было толькі пазайздросціць, таму было пытаннем часу, калі яна наважыцца выйсці на сцэну і казаць нешта ад сябе.
Свае вялікія канцэрты Хітрык ладзіць так, быццам гэта камерныя кватэрнікі. Яна заўсёды скарачала адлегласць да гледача, праходзіла сваю частку дыстанцыі і ў песнях, і ў тым, што яна казала паміж песнямі. Цікава, як хутка яна займела прызнанне прафесійных музыкаў і крытыкаў: былі і прызы, і цікавае супрацоўніцтва. Яна хутка заняла адносна вакантную нішу. У групы з'явілася шмат прыхільнікаў, гэта быў (а можа і застаецца) ці не самы актыўны фан-клуб у Беларусі.
Адзін з апошніх эпізодаў нашых кантактаў з Хітрык быў пасля канцэрту Sounduk'a. Я мусіў узяць у яе каментар. Я бачыў, як яна стамілася. Гэта быў, відаць, не толькі канцэрт, але агулам — цяжкі перыяд у жыцці, і я бамбардзіраваў рэдактараў просьбамі памяняць суразмоўцу. Мне адмовілі. Мы ўсталёўвалі святло, Аня сядзела з патухлымі вачыма і чакала. У той момант мне было сорамна за маю журналісцкую працу, бо я бачыў, што мы забіраем у яе больш, чым засталося.
Дзякуй, Ганна, ты паказала нам, як трэба. Мы будзем імкнуцца, каб табе за нас не было сорамна.
Аляксей Стрэльнікаў, nina.nn.by