Калядная вячэра ― гэта зімовыя Дзяды

За падрыхтоўкай да сустрэчы Новага года мы забыліся на памінальны характар каляднай вячэры (куцці). Даследчык Зміцер Скварчэўскі раскрывае гістарычныя напластаванні каляднай абраднасці, паказвае, як гадавое кола Дзядоў праяўляецца ў зімовы час, апісвае прататып Дзеда Мароза.

«Апошняя вячэра», мастак Алена Маркава

«Апошняя вячэра», мастак Алена Маркава

Натхніўшыся нашай публікацыяй «Тры нечаканыя факты пра Каляды» прадстаўнік суполкі «Вольны архіў» Барыс Шчука распытаў даследчыка Змітра Скварчэўскага, што агульнага маюць Каляды і Дзяды. Зміцер Скварчэўскі ― кандыдат гістарычных навук, займаецца беларускай міфалогіяй і этнічнай рэлігіяй, арганізуе беларускія святы.
― У этнаграфічных апісаннях каляднай сямейнай вячэры (куцці) ёсць прыкметы абраду Дзядоў. Так, у некаторых мясцовасцях на каляднай вячэры трэба мець няцотную колькасць страваў ― гэта старая прыкмета памінак. Паўсюдна абавязковай з’яўляецца куцця ― а гэта памінальная страва. Месцамі прынята пакідаць ежу на ноч ― гэтак жа, як на восеньскія Дзяды. У заходняй Беларусі і па ўсёй Польшчы прынята ставіць пустую талерку на калядны стол ― «для нечаканага падарожнага». Якія яшчэ ёсць агульныя рысы і наколькі Каляды / Крывыя вечары ўвогуле звязаныя з Дзядамі?
― Таксама распаўсюджана было ― але не ведаю, наколькі шырока ― запрашэнне Мароза на першую куццю. Дзесьці клікалі Мароза, дзесьці ― дзядоў. А вось на Барысаўшчыне, калі я апытваў пра Дзяды і пытаўся, колькі іх у год і калі, мне амаль заўседы казалі ў пераліку, што Дзяды былі на Каляды. Як я разумею, Дзяды на Каляды ― гэта паўсюль на Падзвінні. Гэта ёсць у літаратуры.
Вось некаторыя цытаты з маіх запісаў.
"Ну ўсегда жа Дзяды дзелаюцца [перад Новым годам] ― Куцця гэта". "...і там перад Калядамі ёсць Дзяды"."Крышчэнскія Дзяды. Васемнаццатага ― эта посныя Дзяды. Там ужо няма калбасся, няма мяса, няма нічога. Эта посныя Дзяды. З трынаццатага на чатырнаццатага енвара ― эта Дзяды багатая, Багатая Каляда шчытаецца. Вот там усякай стравы далжно быць: каўбассе і ўсё на свеце. Ну і шэстога енвара ― эта Сачэльнік па-цяперашнему называецца. Тожа там былі Дзяды. Раждзественскія, но яны посныя. Поснае і ўся страва посная. Но абычна жэлацельна, гаварят, што нада каб было двенаццаць блюд. І стараемся тады. Ну, памідорамі, агурэц ― усё гэта раскладзеш каждаму па тарэлачкам і ўжэ ж шчытаецца. Глядзіш ― там рыбінку, там селёдчанку, там ешчо што ― і палучаецца двенаццаць страў".
― У апошняй цытаце выходзіць, што… Дзяды спраўляюцца замест Куцці?!
― Я б пакуль асцярожна казаў, што «замест»; хутчэй «сумесна». Можна паспрабаваць рэканструяваць паходжанне Калядаў праз наступны ланцужок. Аднак трэба падкрэсліць, што гэта пакуль на узроўні назіранняў і гіпотэзы, якую трэба правяраць.
Крывыя вечары, умоўна «зімовыя Дзяды» ў перыяд сонцастаяння ― гэта свята з цыклу гадавых Дзядоў. Лагічна, што калі Дзяды ёсць увесну, улетку, увосень, то і ўзімку мусяць быць. Зіма ― гэта час найбольшага пашырэння іншасвету. Тут ужо жывыя да памерлых не ходзяць (не было наведвання могілак), толькі памерлыя ходзяць у свеце жывых. Гэта першы і, відаць, наш самы старажытны пласт «Калядаў». На гэтай стадыі ў іх не было навагодніх сэнсаў.
Навагоднія матывы прыходзяць пазней, калі адбываюцца зрухі ў каляндарных сістэмах і Вялікдзень / валачобніцтва як Навагодняя з'ява разам з Новым годам перасоўваецца на зіму. Тады да "першасных" Крывых вечароў дадаюцца новыя сэнсы, вобразы і абрады, з'яўляецца Новы год. У выніку мы і атрымалі нам вядомыя Каляды.

Мастак Suzy Norris

Мастак Suzy Norris

― Тут зверху яшчэ можна дадаць трэці, хрысціянскі пласт, які па свойму змяніў гэтае свята. Ты згадаў запрашэнне Мароза на першую куццю. Што гэта за істота і чаму яе клікалі? Ці мае яна дачыненне да продкаў?
― Мяркую, закліканне Мароза звязанае не з продкамі, а менавіта з марозам, зімой. «Дзед Мароз» пазнейшы, ён адсюль і вырас, плюс пазнейшыя напластаванні святога Мікалая, свята якога спраўляецца таксама ў блізкі да сонцастаяння час.
І фактычна ж казалі, што сапраўдая зіма з Міколы пачынаецца. То бок, тут ушанаванне прыроды, увасаблення сезона, боства, магчыма ― каб перажыць зіму, каб надалей мароз не знішчыў ураджай.
Як і ў выпадку з каляднікамі ў жывёльных вобразах (адзін з сэнсаў вобразаў) ― гэта сімвалічная дамова са светам дзікай прыроды, які супрацьпастаўляецца свету культуры. Дамова з іншасветам у шырокім сэнсе, пэўная дамова з праявамі смерці.
― У мяне даўно было вось такое дзіўнаватае пытанне. Кельцкі Хэлаўін / Самайн мае пэўныя аналогіі з нашымі восеньскімі Дзядамі. Але ў кельтаў на гэтае свята рабіўся, сярод іншага, абыход з пераўвасабленнем і патрабаваннем пачастункаў ― як нашае калядаванне. А ці не існуе старых беларускіх звестак пра падобны абыход… на Дзяды?
― Не памятаю падобных згадак. Наўрад ці гэтак было. З улікам таго, што апісанняў памінальных дзён даволі шмат, а сама з'ява досыць кансерватыўная, то калі б быў абыход, то дакладна былі б фіксацыі.
Але з іншага боку, тут можна інтэрпрэтаваць так: у памінальныя дні не толькі дзяды прыходзяць да жывых, але і жывыя ідуць да дзядоў на магілы. Фактычна той жа абыход, але толькі жывымі памерлых. Калі ўсе наведваюць магілы продкаў.
І яшчэ пра калядоўшчыкаў / валачобнікаў ёсць такі момант, пра які забываюцца сёння. Шмат згадак пра тое, што раней яны НЕ заходзілі ў хату. Толькі на двор. Спявалі і дзеянні рабілі на двары. А адорвалі іх праз вакно. Гэта можна параўнаць з тым, як дзядоўскую міску выносяць на вуліцу ці ставяць на падваконне.
― Давай узгадаем усю гадавую «сістэму» Дзядоў. Пра асноўныя гадавыя Дзяды ― на Радуніцу, на Тройцу і ўвосень ― кажуць так: «сняданак ― абед ― вячэра». На Радуніцу робяць памінанне ў першай палове дня, на траецкія Дзяды ― у абед, а на восеньскія Дзяды ― увечары. А як тады мусіць быць з «зімовымі Дзядамі»? Памінанне ўначы? І каго памінаць, з якімі асаблівасцямі?
― Агульнае правіла ў Дзядах адно ― ушанаванне продкаў. Дзяды розных сезонаў у сваёй сутнасці і форме мала чым адрозніваюцца. Формула "сняданак ― абед ― вячэра" вядомая, як і суадносіны з часам сутак. Таксама ёсць паралелі і з жыццёвым цыклам чалавека: нараджэнне ― дзяцінства ― сталасць ― смерць. Бо гэта суадносіцца і з агульным успрыманнем сезонаў (вясна ― лета ― восень ― зіма).
І бачыў у літаратуры, што ўвесну фактычна звяртаюцца да Дзядоў, якія вяртаюцца з Выраю на зямлю ў вобразе птушак, вітаюць новыя душы, каб нарадзіліся (бусел прыляцеў і дзяцей прынёс у сакавіку). Звяртаюцца да продкаў, каб забяспечыць падтрымку перад гаспадарчым сезонам на ўвесь год, каб спрыялі ва ўсім. Ад продкаў, памерлых таксама залежыць плоднасць і ўраджай.
Улетку ― гэта ўшанаванне як кантрольная кропка. Падтрымка сілаў, каб яны мацавалі рост раслін і ўсяго жыцця. Увосень ― як падзяка за сабраны ўраджай. Развітанне.
А вось з зімой праблемы, бо з-за Калядаў сутнасць першасную не відаць. Як мне падаецца, тут ужо адваротная сітуацыя. Тут ужо самі продкі кіруюць, бо час іншасвету. Тут ужо не проста жывыя звяртаюцца, але памерлыя ўдзельнічаюць разам з Богам у пераразмеркаванні долі. І іх трэба прыняць. Фактычна закладваецца праграма. якая пачынае ажыццяўляцца ўвесну. Калядныя, зімовыя Дзяды ― у пэўнай ступені могуць лічыцца начнымі, хаця розніцы з восеньскімі па сутнасці няма. Але абавязковая ўмова пачынаць куццю са з'яўленнем зоркі ўжо паказвае, што арыентаваліся на начныя прыкметы. Увосень жа гэта была проста прывязка да вячэры. З зімовымі Дзядамі складана казаць пэўна, бо сама абраднасць распусцілася ў Калядах.

«Калядкі», мастак Ігар Мядзведзеў

«Калядкі», мастак Ігар Мядзведзеў


― То бок, выходзіць, што калядоўшчыкі ― гэта тыя самыя продкі, для якіх на калядным стале пакідаліся стравы (ці запасная талерка)? І іх прыход ― гэта такі «рэальны» прыход дзядоў?
― Паводле сутнасці ўсё слушна. Увогуле ж, каб аднавіць дакладныя сістэмныя суадносіны Крывых вечароў з Дзядамі, а заадно і Вялікаднем, патрэбна дадатковае вывучэнне і картаграфаванне розных калядных і велікодных аспектаў.