Кейт Бланшэт будзе мадэраваць дыскусію Свабоднага тэатра перад прэм'ерай «Дзікага палявання караля Стаха»
Актрыса і пасол добрай волі UNHCR, агенцтва ААН па справах бежанцаў, Кейт Бланшэт далучылася да панэльнай дыскусіі Беларускага Свабоднага тэатра пра ўплыў вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі — «Лісты надзеі».
![Кейт Бланшэт у ролі Галадрыэль у фільме «Уладар пярсцёнкаў» Кейт Бланшэт у ролі Галадрыэль у фільме «Уладар пярсцёнкаў»](/img/v1/images/lbdlce_vextendida21.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кейт Бланшэт у ролі Галадрыэль у фільме «Уладар пярсцёнкаў»
Дыскусія пройдзе ў лонданскім Barbican Centre 15 верасня, перад сусветнай прэм'ерай пастаноўкі Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляванне караля Стаха». У ёй таксама возьмуць удзел Аксана Лебедзева (Gen.Ukrainian), Хелена Нядзьвецка (Беларускі цэнтр салідарнасці) і Наталля Каляда (сузаснавальніца Беларускага Свабоднага тэатра).
«Для нас вялікі гонар падтрымліваць неверагодна смелы і далёкабачны Беларускі Свабодны тэатр, які на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў ставіў бяспеку і правы маладых людзей у аснову сваёй працы. Мэта Барбакана — з'яднаць людзей, натхніць на дзеянні і правакаваць дэбаты. Мы рады вітаць Аксану Лебедзеву, Хэлену Нядзьвецкую, Наталлю Каляду і Кейт Бланшэт на нашай сцэне, каб абмеркаваць гэтае жыццё і тое, як падтрымаць дзяцей і маладых людзей, якія бягуць ад вайны», — сказала генеральны дырэктар Barbican Centre Клер Спенсер.
Усе даходы ад падзеі, якая пройдзе 15 верасня, пароўну размяркуюць паміж трыма арганізацыямі: Gen.Ukrainian, Беларускім цэнтрам салідарнасці і «Свабодным тэатрам».
Новая пастаноўка Свабоднага тэатра «Дзікае паляванне караля Стаха» створана па матывах аднайменнага рамана Караткевіча. У ёй граюць акцёры, оперныя выканаўцы і музыканты з Беларусі і Украіны. Многія з акцёраў, занятых у спектаклі, самі з’яўляюцца ўцекачамі ад вайны або дыктатуры.
Пастаноўка будзе ісці на беларускай мове з англійскімі субтытрамі.