Ксяндзу пробашчу Уладзіславу Завальнюку — 60 гадоў

Постаць знанага каталіцкага святара звязваюць з адраджэннем рэлігійнага жыцця ў Беларусі ў апошнія пару дзесяцігоддзяў. Урачыстыя, традыцыйныя для Мінска працэсіі свята Божага Цела, аднаўленне паломніцтваў і рэлігійнага жыцця аднаго з найважнейшых санктуарыяў краіны ў Будславе, насычанае духоўнае жыццё прыходу Святых Сымона і Алены, Чырвонага касцёла, які нават у савецкія часы (тады маўкліва, толькі абліччам) заставаўся візітоўкай сталіцы.



621461af90cadfdaf0e8d4cc25129f91.jpg

Постаць знанага каталіцкага святара звязваюць з адраджэннем рэлігійнага жыцця ў Беларусі ў апошнія пару дзесяцігоддзяў. Урачыстыя, традыцыйныя для Мінска працэсіі свята Божага Цела, аднаўленне паломніцтваў і рэлігійнага жыцця аднаго з найважнейшых санктуарыяў краіны ў Будславе, насычанае духоўнае жыццё прыходу Святых Сымона і Алены, Чырвонага касцёла, які нават у савецкія часы (тады маўкліва, толькі абліччам) заставаўся візітоўкай сталіцы.
Святар, які не цураецца сучаснага штодзённага жыцця, — удзельнічае ў дыскусіях на ТБ і на старонках прэсы, нават галадуе (у пратэсце супраць брутальнай трактоўкі гісторыі царквы ў скандальным “Кодзе да Вінчы), спрабуючы давесці сваю праўду і веру ў Хрыста да людзей. Мужна адчыняе храм для паніхіды па вернай каталічцы Ірыне Казулінай.
Ушанаванні выдатных беларускіх паэтаў у касцёле, калі апошнім зрабілася няўтульна ў іншых месцах горада, выданне кнігі духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна “Ксты і намінаванне аўтара на атрыманне Нобелеўскай прэміі. Дольная зала касцёла, якая даўно ўжо адчынена — хіба за выключэннем часу посту — для музыкаў, літаратараў. Служэнне не савецкай, а хрысціянскай Беларусі, з лагічным жаданнем, каб касцёл стаяў на вуліцы, якой нададзена імя фундатара святыні, Эдварда Вайніловіча. Нават да жадання ўславіць памяць чалавека, якому горад удзячны за храм, паэмай-казанню “Так хацеў Бог!, выдадзенай напярэдадні 100-годдзя фундацыі, што адбудзецца ў 2010 годзе.
Храм на плошчы Незалежнасці, супрацьстаючы тлуму і бязладдзю выпадковых падзей навокал, пад апекай шчырага і энэргічнага пробашча даўно зрабіўся цэнтрам інтэлектуальнага жыцця. Невыпадкова пад кіраўніцтвам Уладзіслава Завальнюка, па падліках старшыні Прафесарскага клуба пры касцёле Міхаіла Цяўлоўскага, выдадзена каля 50 кніжак. Большасць — на беларускай мове. З апошніх і самых значных — праца самога ксяндза-дэкана “Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі і падрыхтаванае пад яго кіраўніцтвам калектывам перакладчыкаў сучаснае “Евангелле. Зробленае так, каб і мова, і імёны, і назвы геаграфічных мясцін загучалі і па-беларуску, і адначасова прымальна для прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій Беларусі. Дзеля яднання ў веры, ведах і любові нашай укрыжаванай на шляхах гісторыі краіны.
“Айцец Уладзіслаў — сталы і актыўны сябра Рады ТБМ, дзейнасць якой цяжка ўявіць без яго ўдзелу. Ён украінец, але, ведаючы нямала моваў, падчас свайго святарскага служэння ў нашай краіне зрабіў выбар на карысць беларускай, якую ўжывае як родную. І яго намаганнямі паўстала асаблівая нацыянальная атмасфера ў такім знакавым для сталіцы храме, як касцёл Святых Сымона і Алены. Яго казані глыбокія, эмацыйныя, сардэчныя: вось і ў яго юбілей слова ў касцёле гучала па-беларуску, — зазначыў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Зычым юбіляру добрага ўраджаю ў яго духоўнай сяўбе!