Купала Янка і лаянка

Праз якія выпрабаванні павінен прайсці пісьменнік, каб канчаткова і незваротна вытрымаць іспыт перад вечнасцю?



e_000503.jpg

Праз агонь, ваду і медныя трубы — адкажаце вы. І што тут дадаць, калі ў гэтай біблейскай трыядзе насамрэч зашыфравана ўсё тое, што звычайна чакае творцу на калдобістай жыццёвай дарозе. З трох пералічаных выпрабаванняў найцяжэйшым лічацца медныя трубы — той хвалебны фіміям, ад якога шмат у каго закружылася галава, а сёй-той учадзеў ды перастаў адэкватна ўспрымаць свет.

Але ёсць яшчэ адно выпрабаванне, дадатковае, вытрымаць якое пісьменніку таксама няпроста. А магчыма, яно і найскладанейшае, бо — пасмяротнае. Праходзячы першыя тры, пісьменнік сам ці праз кагосьці можа паўплываць на сітуацыю, а вось пераадоленне чацвёртага ад яго цалкам не залежыць. Чацвёртае выпрабаванне — гэта поўны збор твораў. Калі ўдумацца, то ў гэтым ёсць нешта помслівае. Гэткая сабе помста няўдзячных нашчадкаў...

У гісторыі беларускай літаратуры пад падобную экзекуцыю падпалі пакуль толькі чацвёра: Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і Максім Танк. Поўныя зборы твораў першых двух, куды ўвайшлі нават дарчыя надпісы на фатаздымках, ужо выйшлі, для двух апошніх гэты малапрыемны працэс яшчэ не закончыўся. Поўнымі зборамі твораў ганаруюцца (караюцца?) толькі вялікія. А з вялікіх і спыт асаблівы. Вось і шаноўны Ян Максімюк у сваім артыкуле «Цёмная камора белліту» на сайце Радыё Свабода вырашыў зрэвізаваць Поўны збор твораў Янкі Купалы ў 10 кнігах. І выбраў для рэвізіі самы змрочны пяты том, які склалі вершы і паэмы паэта за дванаццаць апошніх гадоў — з 1930 па 1942 год. Менавіта ў ім змешчаныя, па вызначэнні Максімюка, «драўляныя вершы пра хлопчыкаў і лётчыкаў ды тапельцаў у Вісле». А таксама паэма «Над ракой Арэсай», названая маім апанентам «гідотай». Ян Максімюк вывучаў гэты твор у вясковай школе на Падляшшы і да гэтай пары гідзіц­ца, я — у Дзярэчынскай СШ на Гарадзеншчыне, але ні тады, ні цяпер не гіджуся. «Крумкач глюгу звесіў / над згніўшай калодай, / прысніла Палессе / мінулыя годы», — з чаго ж тут гідзіцца?

Майго дзеда-хутаранца бізунамі (літаральна!) заганялі ў калгас, праўда, прапаноўвалі і альтэрнатыву — Калыму. Таму змест паэмы да мяне вельмі добра даходзіў, як і змест «Людзей на балоце» Івана Мележа. Ці існавалі калгасы на замежным Падляшшы? Ян Максімюк прызнаецца, што — не, і падзеі, апісаныя ў паэме «Над ракой Арэсай», успрымаліся ім не дужа ўцямна, як рэаліі жыцця на Марсе. Дык адкуль гэткая катэгарычнасць («гідота»!) адносна «іншапланетных» рэалій?

Я таксама не лічу згаданую паэму шэдэўрам. «Над ракой Арэсай» я б ніколі не ўключыў у выбранае Купалы, ёй месца — толькі ў ПЗТ. Але савецкая сістэма адукацыі акурат і базавалася на падобных творах. Яна мела на мэце дыскрэдытаваць нацыянальную літаратуру, каб вучні як мага хутчэй адчулі сябе часткай адзінай гістарычнай супольнасці — савецкага народу. Але ці ж варта твор Купалы, хай сабе і няўдалы, называць гідотай? Увогуле мяне здзіўляе, з якой лёгкасцю і безапеляцыйнасцю Ян Максімюк выносіць свае прысуды. Ну, напрыклад: «Купалу зламалі не толькі як паэта і як сімвал нацыянальнага духу, але і зрабілі апалагетам сістэмы, якая ў сваіх метастазах трывае ў Беларусі і па сённяшні дзень».

Па-першае, некарэктна параўноўваць сталінізм і лукашызм. Гэта ўсё ж не з аднаго поля ягады. Па-другое, калі б Купала быў апалагетам сталінскай сістэмы, яго не цягалі б на начныя допыты ў ГПУ, ён не рабіў бы сабе харакіры, а яго кнігу «Творы» ў 1930-м не парэзалі б на макулатуру. Урэшце, у 1942 годзе таварыш Айзік Кучар не напісаў бы санкцыяваны зверху хлуслівы данос у адпаведныя інстанцыі, што фашысты ў акупаваным Менску назвалі вуліцу імем Купалы, пасля чаго паэта скінулі ў лесвічны пралёт гасцініцы «Масква» (была ж прычына!). Са сваімі апалагетамі сістэма так не абыходзілася.

Прызнаюся, мяне проста шакуюць сваёй паказной бравадай «парады» Яна Максімюка Купалу: мог жа дзеля ўратавання свайго імя падацца ў эміграцыю, «мог сказаць бальшавікам «не» і ўпасці ў дол у Курапатах», «мог бы напісаць нешта, што праслізнула б праз сетку бальшавіцкай цэнзуры і засталося б нам у спадчыну як сімвал нескаронасці духу перад дулам пісталета».

А хіба перадсмяротны ліст Купалы не ёсць гэтае «нешта»? «Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная. Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога…» Ці многа ў сусветнай літаратуры падобных дакументаў? Якіх жа яшчэ «сімвалаў нескаронасці» нам трэба?

У свой час, агледзеўшы экспазіцыю Купалаўскага музея, у сутнасці сваёй — ардэнаносна-савецкую, я напісаў верш, у якім былі такія радкі:

Вось Купалу машына вязе,

Вось Купала заняты гаворкаю.

Вось Купала стаіць у чарзе —

Не па хлеб, па аўтограф да Горкага.

Вось Купала ў прэзідыўме зноў ж

Разам з іншымі дбае аб міры…

Пакладзіце ля ордэна нож,

Што зрабіў песняру харакіры!

Нож поруч з ордэнам у экспазіцыю і да сёння не паклалі. Як не паклалі і перадсмяротны ліст паэта на імя старшыні ЦВК Аляксандра Чарвякова. А каб паклалі? Як гэтыя экспанаты ўжываліся б з ордэнам Леніна? Нешта давялося б прыбраць. Я прыбраў бы ордэн...

Ці выратавала б Купалу эміграцыя? Сумняваюся. Вось жа Ларысу Геніюш і эміграцыя не ўратавала. З другога боку, як тая эміграцыя мусіла выглядаць? Купала на ўласным «шаўрале» пад’язджае да «Негарэльскае аркі», яму казыраюць памежнікі, а начальнік пагранзаставы становіцца на зважай? Такую карціну ўявіць немагчыма, можна толькі напісаць — «маслом». Посным. Бо іншым ніяк не атрымліваецца.

Што да знакамітага «шаўрале», якое часам таксама выступае ў якасці аргументу… Аднойчы ў Ляўках, пабачыўшы лецішча Купалы і гараж з тым самым аўто, я пацікавіўся ў музейнага наглядчыка: а што гэта за дамок проста перад ганкам паэта? А ў ім жыў Купалаў шафёр — патлумачыў наглядчык…

А цяпер давайце пачытаем ліст Купалы да сябра Б. Емяльянава, пісаны 8 траўня 1942 года ў Пячышчах пад Казанню: «Шафёр Яртымік у мяне больш не працуе, пачаў хаміць — ажно да асабістых абразаў». Ці магчыма ўявіць сабе звычайнага шафёра, які абражае таго, каго возіць — па даручэнні ўраду? Немагчыма. Значыць, шафёр, які меў дамок-вартоўню пры паэтавым лецішчы, быў не зусім звычайны. Да забойства Купалы заставалася менш за два месяцы, пра тое таварыш Яртымік ведаў, вось і «адвязаўся». Старэйшыя пісьменнікі прыгадвалі: калі той шафёр памёр, дык хавалі яго з ротай ганаровай варты. Купалу так не хавалі. Так што тое разрэкламаванае «шаўрале» было насамрэч «чорным воранам», які і прывёз урэшце Купалу да пагібелі.

Аўто, дарэчы, нядаўна выстаўлялі пры музеі на ўсенародны паказ. Цэлы натоўп вакол сабраўся, карэспандэнту БТ было дазволена залезці ў кабіну. Вось на што агідна было глядзець. Якая там рака Арэса… «А па рэчцы па Арэсе / бегае маторка, / стары човен, як карыта, / пазірае горка». Эх, каб сеў Купала ў тую маторку, ды па Арэсе — у Прыпяць, а па Прыпяці — у Буг, а па Бугу — у Віслу, па якой плаваў тапелец, а па Вісле — яшчэ куды далей і далей… Наталля Арсеннева заплыла ажно за Атлантычны акіян, у ЗША. І што — уратавала імя? «Люблю цябе, Сталін, і я невымоўна», — гучыць аднекуль, мабыць, з «цёмнай каморы белліту», яе даваенны верш.

А следам, з гэткай жа цёмнай каморы, гучаць радкі Ганны Ахматавай: «И благодарного народа / Вождь слышит голос: «Мы пришли / сказать, — где Сталин, там свобода, / мир и величие земли».

А следам «цёмная камора» азываецца голасам Восіпа Мандэльштама: «И на земле, что избежит тленья, / будет будить разум и жизнь Сталин».

А следам ужо чуваць цэлы хор прасталінскай паэтычнай патэтыкі: Мікалай Забалоцкі, Барыс Пастарнак, Яраслаў Сайфэрт, Пабла Нэруда… Ахматава, каб уратаваць з Гулага сына, напісала і надрукавала цэлы зборнік прасавецкіх вершаў з вельмі вымоўнай назвай «Слава миру». Народнаму паэту Беларусі Янку Купалу таксама было што і каго ратаваць, і ён выдатна ведаў, чым можа абярнуцца ягонае непадпарадкаванне, ягоны бунт.

Чаму ж сёння ў Расеі не пабіваюць камянямі тую ж Ахматаву, а захапляюцца яе «Рэквіемам»? Чаму там не прывязваюць да ганебнага слупа Мандэльштама, Забалоцкага і Пастарнака? І чаму ў Беларусі стала ледзь не модным звінавачваць Купалу ў «здрадзе літаратуры», называць яго Каянам Лупакам ды папікаць савецкім ордэнам, лецішчам і персанальным «шаўрале»?

«Як чалавека, Купалу можна і трэба апраўдваць. Як прароку і паэту, яму няма даравання», — з уласцівай яму катэгарычнасцю заяўляе Ян Максімюк. Рыхтык пракурор на судзе. Усім крытыкам з пракурорскімі замашкамі я мог бы назваць дзясятак-другі геніяльных твораў Купалы, пачынаючы з паэмы «Курган», якой адной хопіць для любога апраўдання, але замест гэтага нагадаю адну старазапаветную прыпавесць. Хам, сын Ноя, пабачыў на спячым пасля выпіўкі бацьку непрыкрыты сорам і пачаў пад’юджваць братоў Сіма і Яфета на здзек са старога. Але тыя далікатна паправілі бацькава адзенне і прысаромілі Хама. У свой час гэтую прыпавесць трапна пракаментаваў Антон Паўлавіч Чэхаў: «Хам заўважыў толькі, што бацька ягоны — п’яніца, і зусім забыўся пра тое, што ён пабудаваў каўчэг і выратаваў свет».

Янка Купала таксама пабудаваў для нас каўчэг. Разам з Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Алесем Гаруном, Максімам Гарэцкім. Каўчэг новай беларускай літаратуры. Дык ці выпадае нам сёння прыпадабняцца да таго Хама, якому так хацелася паздзеквацца з бацькі?

Пра горы мяркуюць па вяршынях. А пра вялікіх пісьменнікаў — па іхніх шэдэўральных творах. Не варта залазіць у «цёмныя каморы» поўных збораў твораў і выцягваць адтуль на белы свет нештачка такое, што выклікае ў сённяшніх літаратурных гурманаў эстэтычнае ці любое іншае несмакоцце. Тым болей, не трэба трагедыю ператвараць у фарс.

І апошняе. Янка Купала — псеўданім Яна Луцэвіча, сына Дамініка. Можна сказаць Ян Луцэвіч, а можна — Луцэвіч Ян, ад гэтага нічога не зменіцца. Але паводле гетэранімічных нормаў і здаровага сэнсу нельга перастаўляць месцамі склады і словы ў псеўданіме. Бо калі мы замест звыклага Янка Купала гаворым Купала Янка, чуецца — лаянка.

Давайце не будзем лаяцца.

Больш эсэ аўтара чытайце
ў №76 часопіса «Дзеяслоў».