«Маленькага прынца» ў беларускай агучцы пакажуць у Гомелі

Праект «Беларускія ўікэнды» працягвае падарожжа па гарадах Беларусі з мультфільмам «Маленькі прынц». Трэцім абласным цэнтрам, жыхары якога ўбачаць яго ў прафесійнай беларускай агучцы на вялікім экране, стане Гомель.

afisza_bu_homel.jpg


Паказ мультфільма пры падтрымцы velcom і яго брэндаў «Атлант Тэлекам» і «Гарант» адбудзецца 9 верасня ў 15.30 ў кінатэатры ім. Калініна.
Прэм'ера французскага мультфільма па матывах аповесці Антуана дэ Сэнт-Экзюперы ў беларускай агучцы з поспехам адбылася ў Мінску. На працягу наступных двух месяцаў паказы з аншлагам прайшлі ў Гродна і Магілёве. Мультфільм у кінатэатры паглядзелі ўжо больш за 3,3 тыс. гледачоў, а трэйлер да яго ў сацыяльных сетках набраў больш за 600 тыс. праглядаў. Цяпер магчымасць пазнаёміцца з арыгінальнай інтэрпрэтацыяй адной з самых чытальных кніг у свеце з'явіцца і ў жыхароў Гомеля.
Праект «Беларускія ўікэнды» створаны яго кіраўніком Андрэем Кімам пры ўдзеле групы сяброў і аднадумцаў — вядомых беларускіх акцёраў Паўла Харланчука, Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Дзмітрыя Бейнарт-Саладухі, Сяргея Жбанкова, Уладзіміра Глотава. Менавіта іх галасамі загаварылі па-беларуску героі больш за 20 сусветных кінахітоў розных жанраў. А пасля таго, як у 2017 годзе партнёрам праекта стаў velcom, «Беларускія ўікэнды» атрымалі магчымасць выйсці на рэспубліканскі ўзровень.
У гасцей паказу 9 верасня будзе магчымасць набыць кнігу «Маленькі прынц» на беларускай мове, якую арганізатары «Беларускіх ўікэндаў» перавыдалі сумесна з кампаніяй velcom. Значная частка накладу будзе перададзена ў бібліятэкі школ горада Гомеля.
На сенняшнi дзень у рамках праекта адбылося больш за 20 паказаў: мультфільма «Таямніца Келза», фільмаў «Кніга Илая» і «Пакуль ногi носяць», а таксама анімацыйнага фільма «Маленькі прынц».
Паводле прэс-рэлізу