Мультфiльм «Маленькі прынц» у беларускай агучцы сабраў аншлаг у Гродна

З паказу мультфільма «Маленькі прынц» у Гродна распачаўся тур праекта «Беларускія ўікенды» па рэгіёнах краіны. 28-30 ліпеня наведвальнікі сеансаў у кінатэатры «Чырвоная зорка» атрымалі магчымасць паглядзець анімацыйную стужку па матывах сусветна вядомага літаратурнага твора Антуана дэ Сент-Эклюперы ў беларускамоўнай агучцы.

img_0003_1.jpg

Паказы прайшлі з аншлагам — яшчэ да пачатку сеансаў усе квіткі былі скуплены. Таму для гродненцаў, якія не паспелі паглядзець «Маленькага прынца» у беларускай агучцы, арганізатары вырашылі правесці дадатковыя сеансы 4-6 жніўня. Мультфільм распавядае гісторыю сяброўства дзяўчынкі і лётчыка з аповесці Экзюперы. Анімацыйны фільм будзе цікава глядзець як тым, хто чытаў твор Экзюперы, так і тым, хто яшчэ з ім не знаёмы. Перапляценне двух самастойных сюжэтаў мультфільма і кнігі ператвараецца ў цікавую і захапляльную гісторыю.
Ідэя перакладаць і пераагучваць сусветнае кіно розных жанраў на беларускую мову і дэманстраваць яго на вялікім экране належыць праекту «Беларускія ўікэнды» і яго кіраўніку Андрэю Кіму. Да праекта далучылася каманда сяброў і аднадумцаў — беларускія акцёры Павел Харланчук, Ганна Хітрык, Алесь Маўчанаў, Уладзімір Глотаў, Сяргей Жбанкоў. Вынікам сталі больш за 20 фільмаў, перакладзеных і агучаных на беларускую мову. А з далучэннем партнёраў у асобе кампаніі velcom і яго брэнда «Атлант Тэлекам» уікенды набылі новыя масштабы. Цяпер кінасеансы ў межах праекта змогуць наведаць не толькі жыхары Мінска, але і іншых гарадоў Беларусі.


«Мы вельмі рады, што праект выходзіць за межы Мінска і кіно ў прафесійнай беларускай агучцы на вялікім экране змогуць убачыць жыхары іншых гарадоў Беларусі. Да канца лета мы плануем пабываць у трох абласных цэнтрах. У кожным з іх адбудзецца па 2-3 паказы», — распавёў кіраўнік праекта Андрэй Кім.
Анімацыйны фільм «Маленькі прынц» быў абраны для старта «Беларускіх ўікендаў» у абласных гарадах Беларусі нездарма: такім чынам арганізатары і партнёры праекта вырашылі адзначыць дзень нараджэння Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. У гонар гэтай падзеі арганізатары паказаў сумесна з кампаніяй velcom перавыдалі кнігу «Маленькі прынц» у перакладзе Ніны Мацяш. Набыць кнігу з арыгінальнымі ілюстрацыямі аўтара можна будзе на кінасеансах. Акрамя таго, значная частка тыражу будзе перададзена ў бібліятэкі школ. Сто экзэмпляраў ужо адправіліся ў школы Гродна.
«velcom і «Атлант Тэлекам» паспяхова рэалізуюць розныя ініцыятывы, звязаныя з падтрымкай беларускай мовы. Таму ўдзел у праекце «Беларускія ўікенды» стаў арганічным працягам нашай дзейнасці у гэтым накірунку. Першыя вынікі супрацоўніцтва ўражваюць: за 4 месяцы мы зладзілі ў Мінску 14 паказаў, якія паглядзелі больш за 7,5 тысяч гледачоў. А беларускія трэйлеры да фільмаў у сацсетках набралі каля 1,6 мільёнаў праглядаў. І нам вельмі прыемна, што магчымасць убачыць кіно на беларускай мове ўжо сёння атрымалі жыхары Гродна, а потым і астатніх гарадоў Беларусі», — адзначыла прадстаўнік кампаніі velcom Ірына Карэліна.
У межах супрацоўніцтва velcom і «Атлант Тэлекам» з праектам «Беларускія ўікенды» у мінскім кінатэатры «Масква» ўжо адбыліся паказы мультфільмаў «Таямніца Келза», «Маленькі прынц», а таксама фільмаў «Кніга Iлая» і «Пакуль ногі носяць». Цяпер да сталіцы далучыўся Гродна, а ў бліжэйшай перспектыве – Гомель і Магілёў.
Дадатковыя сеансы ў Гродна пройдуць у кінатэатры «Чырвоная зорка» (вул. Сацыялістычная, 4.) 4-6 жніўня. Пачатак сеансаў 4.08 – 19:50, 5.08 – 15.50, 6.08 –16.00. Білеты можна набыць у касах кінатэатра i анлайн. Падрабязнасці на kinakong.by.
Паводле прэс-рэліза