На пляцоўцы Talaka.by ідзе збор грошаў на другую кнігу Ярылы Пшанічнага
Паэт Ярыла Пшанічны не паспеў выдаць пры жыцці сваю другую кнігу, таму гэта вырашылі зрабіць ягоныя сябры.
![feofano.livejournal.com feofano.livejournal.com](/img/v1/images/_274_of_321__edit_edit_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яны распачалі на грамадзянскай платформе Talaka.by збор грошаў для
выдання вясёлай, вострасацыяльнай і багата ілюстраванай кнігі «Атамная
лучына».Ярыла Пшанічны (сапр. Уладзімір Банько, 1.11.1973 – 19.04.2015) —– адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускага паэтычнага, музычнага і мастацкага андэграўнду, удзельнік гуртоў і праектаў “Cage”, “Karaoke Vomit”, “Барадаты Грынвіч”, “Flowervill”, “Lucky Luck”, “Буслік супраць Кадука”, “Roomdark”, “Рацыянальная дыета”, “Generation Skweee”, “Князь Мышкін”, перформер-груп “Тэатр псіхічнае неўраўнаважанасці” і “Спецбрыгада афрыканскіх братоў”. Неаднаразова ўдзельнічаў у мастацкіх выставах, афармленні кніг і часопісаў.
У літаратуры Ярыла Пшанічны набыў вядомасць найперш тым, што асноўнай працоўнай мовай сваёй творчасці зрабіў “трасянку”, як часам іранізуюць — “трэцюю дзяржаўную мову Рэспублікі Беларусь”. Натуральна , гэтая з’ява знаходзіцца па-за межамі літаратурнай нормы, а вось Ярыла Пшанічны ўзяў ісвядома ўвёў яе ў літаратурны ўжытак. Сатырычныя, іранічныя і неа-сацартаўскія вершы на “трасянцы” ён спачатку друкаваў у анархісцкай газеце “Навінкі”, а пазней, у 2011 годзе, выдаў кнігу пад назвай “Пішчавыя лішкі”, унікальную ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры.
![10541012_0.jpg 10541012_0.jpg](/img/v1/images/10541012_0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
“Атамная лучына” — другая, пасмяротная кніга Ярылы Пшанічнага. Яна нашмат аб’ёмнейшая за першую, аздобленая графічнымі працамі аўтара і фотаздымкамі. Назву кнізе дала аднайменная паэма, над якой Ярыла Пшанічны працаваў на працягу 2010 – 2011 гг. Гэта сатырычны водгук паэта на экалагічныя праблемы сучаснасці, стылізаваная пад фальклор і фантастыку гісторыя пра тое, як “Янка марыў стаць атамшчыкам. Яго абразіў Нячысьцік Д’ябла, каб скрасці вялікі беларускі сакрэт, накіраваў у будучыню і ажаніў”. Іранізуючы і з галоўнага героя, і з неверагодных сітуацый, у якія ён трапляў, у эпілогу Ярыла Пшанічны паўстае найбольш удумлівым і сур’ёзным, а яго іронія набывае зусім “чорнае” адценне: “Спачатку народ / Крэміруем / А потым д’ябла/ Прэміруем”. Разглядаючы яшчэ папярэднюю кнігу Ярылы Пшанічнага, крытыкі зазначалі: “Так, блазенства і сур’ёзнасць, бяздумная радасць і горкі смутак — у жыцці зусім побач стаяць, і маюць уласцівасць вокамгненна трансфармавацца адно ў адно” (Міхась Южык, “Тэксты”, 2012, № 2).
![e6441249dcc9066085458c391bc1.jpeg e6441249dcc9066085458c391bc1.jpeg](/img/v1/images/e6441249dcc9066085458c391bc1.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акрамя паэмы, у кнігу ўвайшлі вершы Ярылы Пшанічнага, якія пісаліся з 2000 па 2015 год і ў папярэдні зборнік не ўвайшлі. Яны таксама збольшага працягваюць сатырычна-іранічны кірунак, зададзены ў першай кнізе. Паэт, верны свайму анархісцкаму амплуа, працягвае сцябаць і беларусаў і замежнікаў, і ўладу і апазіцыю, і гопнікаў і інтэлігенцыю, і сябе асабіста, і, па вялікім рахунку, саму паэзію — калі, парадзіруючы заштампаванасць прыёмаў мастацкай вобразнасці, аўтар звяртаецца да трэш-эстэтыкі кшталту “Сонца градусам калоціць / Кулаком па галаве”. І магчыма, па вершах Ярылы Пшанічнага калі-небудзь будуць вывучаць нашую гісторыю – як па гэткім займальным навучальным дапаможніку…
Уклаў кнігу паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль, а выдаць яе збіраецца выдавецтва “Галіяфы”.
Кніга будзе выдадзена аб’ёмам больш за 360 старонак на крэйдаванай паперы, у цвёрдай вокладцы, з вялікай колькасцю ілюстрацый, фотаздымкаў з перформансаў і літаратурных выступаў.
Меркаваны наклад – 300 асобнікаў.
Падтрымаць праект можна тут.
budzma.by