«Плашчаніца» Эдуарда Акуліна

Выйшла з друку новая кніга вершаў Эдуарда Акуліна "Плашчаніца".

120040600_1706745222835960_5226151807495409844_o.jpg


Гэта міжнародны культурніцкі праект, заснавальнікам якога з'яўляецца вядомы сербскі літаратар і мастак Мікола Шындзік. Паводле праекта ў Белградзе ў 2016 годзе адбылася вялікая літаратурна-мастацкая выстава. Сімвалічна, што кніга выйшла менавіта цяпер — у плашчанічна-навальнічны для лёсу Беларусі час...
Вось як выказаўся аб праекце ягоны аўтар Мікола Шындзік:
— Літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Плашчаніца” — вынік творчага сумоўя Эдуарда Акуліна, паэта з Беларусі, і дванаццаці сербскіх мастакоў. Прачытанне мастакамі гэтых “густых” вершаў (у перакладзе Міадрага Сібіновіча) увасобілася ў праект зборніка, дзе распавядаецца дванаццаць аўтэнтычных, насычаных візуальна аповесцяў, своеасаблівых “выяўленчых фільмаў”, і ўсе яны, насуперак адрознаму паэтычнаму і жанраваму ўвасабленню, яднаюцца ў складаную архітэктоніку выставы вершамі з цыкла Эдуарда Акуліна “Плашчаніца”.
У зборніку змешчана па адной працы кожнага аўтара, “выяўленчай песні”, на якую натхніў адзін з вершаў “Плашчаніцы”, і гэта стварае кампазіцыю ўсёй выставы, жывы шкілет спектакля, дзе словы глядзяць на вас, а карціны гавораць…