Рада Беларускага ПЭН-цэнтра заклікае паважаць правы пісьменнікаў

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выступіла з заявай з нагоды сарванай прэзентацыі рамана Віктара Марціновіча «Мова» у Гродна, і заклікала шанаваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і прафесійныя правы літаратараў.



ae490490adff4f695d8831b6d20b97cf_xl1.jpg

Як паведамлялася раней, 23 кастрычніка ў Гродне мелася адбыцца прэзентацыя рамана Віктара Марціновіча «Мова». Аднак праз умяшанне праваахоўных органаў імпрэза была сарваная.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выказвае пратэст супраць гэтага факта і лічыць перашкоды літаратурнаму працэсу непрымальнымі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоду сходаў, свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выяўленне. Аднак адмена прэзентацыі легальна выдадзенай кнігі, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай сетцы распаўсюду, з’яўляецца ганебным зневажаннем правоў, прапісаных у галоўным законе нашай краіны.

Асабліва непрыемна, што гэта адбылося ў дзень сустрэчы кіраўніка дзяржавы з беларускімі пісьменнікамі, дзе таксама ўздымаліся пытанні чорных спісаў, цэнзуры, няроўных ўмоваў існавання літаратараў з Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога якраз і з’яўляецца Віктар Марціновіч.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра асуджае стварэнне перашкод пісьменніцкай дзейнасці і заклікае шанаваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і прафесійныя правы літаратараў.