Re1ikt праспяваў прозу Зарэцкага

У межах праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» гурт Re1ikt прэзентуе песню «Пра чорныя вочы», якая напісаная паводле апавядання Міхася Зарэцкага.

26_4.jpg


«Мы невыпадкова абралі такую назву для свайго гурта. Мы сапраўды прагнем паказваць сваім слухачам рэлікты – творы, якія могуць быць забытыя, да якіх можа ня быць той увагі, якой яны вартыя. Людзі мусяць ведаць свае скарбы, свае дзіўныя і дарагія рэчы, а ня тое, што дае ім сучасны маркетынг», — кажа лідар і бубнач Re1ikt Алесь Дземідзенка, які зрабіў з прозы Міхася Зарэцкага тэкст для новай песні свайго гурта, піша tuzinfm.by.
Музыка адзначае, што ў Зарэцкім яго кранае вялікая сіла эмацыйнасці вобразаў: «Гэта неспакойная літаратура, якая пабуджае зрабіць нырок у смерч пачуццяў і нервова запарваць траўку перад сном. Калі чытаеш ягоныя творы, то ажно сэрца пачынае біцца мацней, нібыта апынаешся там, побач з героямі, ці становішся нават адным з герояў. Раю пачытаць «Паэму пра чорныя вочы» ды іншыя апавяданні, каб самім у гэтым пераканацца». Варта дадаць, што ў тэксце Re1ikt усе словы, выразы і сказы ўзятыя непасрэдна з арыгінальнага твору.


Рытм, з якім развіваецца сюжэт у «Паэме пра чорныя вочы», лідар Re1ikt параўноўвае з крэшчэнда ў музыцы, а словы-вобразы аўтара з аранжыроўкаю. Шкада, кажа Алесь, што ў межах гэтага праекту немагчыма было зрабіць маштабную музычную агучку для твору, як тое было з нямым фільмам «У агні народжаная» па сцэнары іншага расстралянага паэта Анатоля Вольнага. «Мы ўвогуле цікавімся рознымі рэчамі, звязанымі з Беларуссю – спевамі, гісторыяй, літаратурай, выяўленчым мастацтвам, дзеячамі розных эпохаў. Даставаць гэтыя рэчы з ценю гісторыі і забытасці і асвятляць іх для людзей, інтэграваць у культурную рэчаіснасць – адна з нашых творчых місій», – кажуць музыкі.  Дарэчы, пераўтварэнне празаічнага твору ў песню Re1ikt ажыццявіў не ўпершыню – да гэтага былі кампазіцыі «Кабета Інсекта» паводле апавядання Яна Баршчэўскага і «Балотныя агні» паводле апавядання Якуба Коласа.  Што да песні на Міхася Зарэцкага, то музыкі яе выканалі ўжо аднойчы на сваім сольным канцэрце. Афіцыйная жывая прэм’ера гэтага твору адбудзецца на прэзентацыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 29 кастрычніка. Будзе яна выконвацца надалей, але ня часта, бо, як кажуць музыкі, патрабуе  вельмі моцных эмацыйных выдаткаў. Акром таго, неўзабаве будзе прэзентаванае музычнае відэа на гэтую кампазіцыю.
Міхась Зарэцкі – сапраўдная літаратурная зорка 1920-х, ягоныя творы карысталіся вялікім попытам, ягоныя выступы ў прэсе ўздымалі самыя насутныя праблемы і жыва абмяркоўваліся. У студэнцкія часы ён быў адным з аўтараў ліста аб самавыключэнні з БДУ у адказ за непавагу да беларускіх пісьменнікаў. 90 год таму ён дзяліўся развагамі, надзвычай актуальнымі сёння: «Дакуль мы будзем жыць гэтым пазаддзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам «преподносят» нам нашы суседзі і якое мы прымалі як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем збіраць з чужога стала ўбогія брудныя аб'едкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?». Зарэцкі – аўтар геніяльных твораў: раман «Вязьмо», аповесць «Голы звер», цэлы шэраг непаўторных псіхалагічных апавяданняў і неверагоднага па сваёй маштабнасці раману «Крывічы», які быў канфіскаваны бальшавікамі. А следам быў раструшчаны і фізычна знішчаны сам творца. Падрабязней пра ягоны лёс і творчасць распавядзе выкладчык беларускай літаратуры БДУ Аляксей Стрэльнікаў ў адкрытай лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 13 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў».


Re1ikt – Пра чорныя вочы (музыка гурту, словы Міхася Зарэцкага).


Цябе я шукаў сем гадоў

у моры жыцьця сумятлівым,
твой ружовы пакой, пастой,
напомню табе аб мінулым бурлівым...
...Аб днях, калі морам лілася кроў,
у якія гарэла сьвятая нянавісьць.
Страшэнная ноч пад халодным дажджом.
Нешта расьці пачало паміж намі.
Скончым песьню нашае дзівоснае яскравае дружбы.
Не, я цябе не кахаў.
Я ня бачыў цябе як жанчыну.
Помню, неяк за руку ўзяў,
што потым было, несуразна і дзіка прайшло...
Калі па лясах пасьцілаецца восень,
сеецца пах пажоўклай травы,
успамінаю нашы паходы,
малюнкі рассыплю прад тваімі вачмі.
Скончым песьню нашае дзівоснае яскравае дружбы.
Я цябе не знайшоў, не засьпеў, я пайду
ад цябе. Яе чорны агонь вачэй
у шаломным грукаце дзён я знайду.
Я пайду. Я знайду, дармо ты сьмяесься…
(1927/2017)