Што ў новым тэатральным сезоне ўбачаць беларускія дзеткі
3 верасня аб 11-й гадзіне ў Тэатра юнага гледача адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю 60-га тэатральнага сезона. Пра бліжэйшую будучыню тэатра раскажуць мастацкі кіраўнік Уладзімір Савіцкі, галоўны мастак Ларыса Рулёва, дырэктар Ігар Варонін, загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Жана Лашкевіч.
Што цікавага чакаць у новым тэатральным сезоне? Якімі прэм’ерамі парадуюць нас тюгаўцы?
12 верасня ТЮГ распачынае юбілейны сезон адной з любімых п’ес Янкі Купалы легендарнай “Сіняй птушкай” М. Метэрлінка ў пастаноўцы Уладзіміра Савіцкага.
Вядома, што Уладзімір Савіцкі не толькі прыхільнік еўрапейскай сімвалічнай п’есы, але і аўтар графічна-вострых, творча-нечаканых пераасэнсаванняў беларускай драматургіі.
16 верасня ў ягонай пастаноўцы можна будзе ўбачыць спектакль “Зацюканага апостала” А. Макаёнка. Паводле слоў рэжысёра, свой спектакль ён паставіў пра “…псіхічнае здароўе нашай нацыі, нашага маладога пакалення”.
Да Новага года на сцэне тэатра вы зможаце пабачыць класічную “Дзюймовачку” Ганса-Хрысціяна Андэрсэна (пастаноўка Ул.Савіцкага). Самотна-меланхольная паэзія Андэрсена плюс арыгінальнасць рэжысёрска й трактоўкі ствараюць кранальнае казачнае відовішча.
На сцэну тэатра неўзабаве вернецца Паліяна, гераіня славутай аповесці амерыканскай пісьменніцы Элінар Портэр. Паліяна – вельмі адметная гераіня. Нас, смутнаглядных беларусаў, яна лёгка навучыць такой неабходнай для кожнага гульні ў радасць.
А бліжэй да Калядаў рэжысёр Яўген Лёгкін парадуе гледача сваёй новай незвычайнай загадкава-прыгодніцкай і сонечнай казкай “Таямніца вялікага Гудвіна”!
Цяпер шырока абмяркоўваецца пытанне браку пляцовак, на якіх дзеткі і падлеткі маглі б размаўляць па-беларуску і быць удзельнікамі імпрэзаў, спектакляў менавіта на сваёй мове. Апошнім часам з’явіліся пэўныя ініцыятывы, якія даюць такую магчымасць, але гэтага ўсё адно недастаткова. Новы Час звярнуўся да рэдактара аддзелу рэкламна-друкаванай прадукцыі Васіля Дранько-Майсюка, каб ён удакладніў, колькі ж з прапанаваных беларускіх бацькам з дзеткамі спектакляў будуць ісці па-беларуску.
Васіль Дранько-Майсюк: “Усе названыя прэм’еры будуць ісці на беларускай мове! На дадзеным момант у афішы тэатра пазначаны толькі адзін спектакль па-руску — “Прыгоды Бібігона”. Смела прыходзьце самі і прыводзьце сваіх дзетак!”.
ТЮГ чакае прадстаўнікоў СМІ і тэатральных аматараў.
Калі: 3 верасня
Дзе: ТЮГ, вялікая зала
Калі: аб 11 раніцы.
Уваход на прэс-канферэнцыю вольны.
Кантактныя тэлефоны:
+ 37529 6 318 710 Жана Лашкевіч
+ 37529 9064077 Васіль Дранько-Майсюк