Сёння сышоў у лепшы свет паэт, празаік, перакладчык Давід Сімановіч

Стала вядома, што сёння, 9 мая, у Віцебску памёр пасля цяжкай хваробы Давід Рыгоравіч Сімановіч – беларускі паэт, празаік, перакладчык.



david.jpg

Давід Рыгоравіч Сімановіч нарадзіўся 26 чэрвеня 1932 года ў сям'і служачага ў Нароўлі на Гомельшчыне. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў ва Узбекістане. У 1950 скончыў Нараўлянскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля сканчэння ўніверсітэта (1955) працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры Крынкаўскай сярэдняй школы Лёзненскага раёна. З 1959 — літсупрацоўнік рэдакцыі абласной газеты «Віцебскі рабочы». З 1961 — рэдактар, старэйшы рэдактар, загадчык аддзела камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, з 1971 — узначальваў Віцебскае абласное літаб'яднанне. З 1980 года знаходзіўся на творчай рабоце. Сябар СП БССР з 1960. Жыў у Віцебску.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём.

Пісаў на рускай мове. Выдаў кнігі лірыкі «Весенняя сказка» (1959), «Июнь-река» (1962), «Равноденствие» (1966), «Минуты» (1969), «Станция тревоги и любви» (1972), «Письмо тебе» (1975), «Встречные поезда» (1978), «Силуэты дней» (1981), «Солнечный хмель» (1982), «Сентябри» (1990), зборнікі вершаў для дзяцей «Волшебный луг» (1959), «Зелёный кузнечик» (1968), кнігі нарысаў «Подорожная Александра Пушкина» (1977), «Сквозь даль времен» (1984). Склаў і адрэдагаваў «Шагалаўскі зборнік» (Віцебск, 1996).

Аўтар тэлеп'есаў «Якаў Свярдлоў» (паст. у 1963), «Восеньскі букет» (1964), сцэнараў да тэлефільмаў «Маладосць старажытнага горада» (1964), «Балада пра чырвонага кавалерыста» (1968), «Літаратурнымі маршрутамі Віцебшчыны» (1969), «Душой і справамі маршрутамі Віцебшчыны» (1990).

Асобныя яго творы пакладзеныя на музыку І. Лучанком, Б. Насоўскім, А. Гоманам.

Смуткуем і выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Давіда Рыгоравіча.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”