Святлана Алексіевіч у Варшаве на Кніжным кірмашы
У чацвер стане вядома, ці яна перамагла ў конкурсе на найлепшы рэпартаж.
У чацвер у Варшаве пачынаецца маштабны Кніжны кірмаш. На ім будуць прадстаўлены кніжкі звыш 800 аўтараў, самі пісьменнікі таксама завітаюць на мерапрыемства, каб паразмаўляць з чытачамі і падпісаць свае кнігі — чытаем у выданні "Gazeta Wyborcza".
У Польшчы ўвесь час расце папулярнасць літаратуры non-fiction, а Прэмія імя Рышарда Капусцінскага за літаратурны рэпартаж — гэта доказ, што польскія выдавецтвы не павінны саромецца.
Лаўрэат прэміі за найлепшы рэпартаж мінулага году стане вядомы ў чацвер, але ўжо ў сераду можна будзе сустрэць двух фіналістаў. Адбудзецца сустрэча з аўтаркай зборніка рэпартажаў “Часы сэканд-хэнд. Канец чырвонага чалавека”. Гэта беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, імя якой каціруецца на біржы кандыдатаў на літаратурную Нобелеўскую прэмію. Другі фіналіст — аўтар кніжкі “Кароткі прыпынак па дарозе ў Аўшвіц” Горан Розэнбэрг.