Шалом, Ізраіль! (фотарэпартаж)
Сёння ў цэнтры Мінска на пл. Свабоды каля сцен Гарадской Ратушы гараджане і госці сталіцы святкуюць Дзень яўрэйскай культуры «Фестываль восеньскіх святаў».
Ва ўсіх ахвочых ёсць выдатная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з яўрэйскай культурай, традыцыяй ды іудаікай: выставы, майстар-класы, яўрэйская кухня, дэгустацыя страў нацыянальнай кухні — мацы, фалафелю, хумуса. На свяце праходзяць паказальныя выступы майстроў ізраільскага баявога мастацтва Краў Мага, віктарыны, конкурсы, вялікая дзіцячая праграма. Сёння можна пазнаёміцца з гісторыяй яўрэяў, якія пражываюць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пазнаць пра магчымасці адукацыі і медыцыны ў Ізраілі, задаць пытанні рабіну і гісторыкам.
Нацыянальны каларыт ствараюць яўрэйскія выканаўцы, калектывы і тэатры са шматлікіх куткоў і мястэчак Беларусі. Святочную атмасферу задаюць папулярныя тэле- і радыёвядучыя Ганна Шалюціна і Яўген Перлін. Спецыяльна на свята прыехала госць з Ізраілю Арлі Гальдштэйн — выканаўца традыцыйных яўрэйскіх танцаў Рыкудэй-Ам, адна з вядомых ізраільскіх харэографаў. Выступіць вядучы саліст Вялікага тэатра Беларусі Ілля Пеўзнер.
Арганізатары свята — Мінгарвыканкам і Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. Фестываль арганізаваны пры падтрымцы пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, Ізраільскага культурнага цэнтра, прадстаўніцтва карпарацыі АЯАРК «Джойнт» (The Amerikan Jewish Joint distribution committee, INC) у Рэспубліцы Беларусь, Яўрэйскага агенцтва для Ізраілю ў Рэспубліцы Беларусь і кампаніі «Знешынтурыст».
Свята праходзіла з 12.00 да 18.00.
Фота Алега Грушэцкага
Фота Алега Грушэцкага
Яўрэі з'явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XIV стагоддзі, у часы Вялікага Княства Літоўскага. Першая пісьмовая крыніца пра знаходжанне яўрэяў на беларускай зямлі датаваная 1383 годам. Гэта грамата князя Вітаўта брэсцкім яўрэям. Паводле перапісу 1897 года, на беларускіх землях пражывала больш 900 тысяч яўрэяў, што складала 21,1% яўрэйскага насельніцтва рысы аселасці Расійскай імперыі. Пры гэтым яны з'яўляліся другой па значнасці этнічнай групай на беларускіх землях. У 1917 годзе толькі ў Мінску было 83 сінагогі.
У 1920–1930-х гадах у БССР існавала чатыры дзяржаўных мовы: беларуская, руская, яўрэйская (ідыш) і польская. У 1939 годзе ў БССР пражывала 375 тысяч яўрэяў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі было каля 1 мільёна яўрэяў. У гады вайны тут загінула 983 тысяч яўрэяў, у тым ліку 85 тысяч замежных яўрэяў. Паводле дадзеных перапісу 1999 года, яўрэйскае насельніцтва ў рэспубліцы складала 27 810 чалавек. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года, у краіне жыло каля 13 тысяч яўрэяў. Беларуская яўрэйская абшчына, якая ўлічвае таксама мяшанцаў і яўрэяў на чвэрць (паводле нормаў ізраільскага «Закона пра вяртанне»), налічвае не меней за 50–60 тысяч чалавек.
Майстар-клас выпечцы халы. Фота Алега Грушэцкага
Фота Уладзіслава Рубанава