Дзень італьянскай культуры ў Верхнім горадзе (фота)
На двары беларуская дажджлівая восень, але сёння ў Верхнім горадзе па-італьянску гасцінна. На плошчы Свабоды ў цэнтры горада сабраліся ўсе, хто на восеньскіх вуліцах Мінска захацеў паглядзець на сонечную Італію. Сёння тут праходзіць Дзень італьянскай культуры «Свята сяброўства Італія — Беларусь».

Непараўнальная італьянская кухня вядома ва ўсім свеце. І сёння ў гасцей свята ёсць выдатная магчымасць навучыцца гатаваць сапраўдныя італьянскія стравы на майстар-класах ад рэстаранаў Iachetta's і Falcone, а таксама ад шэф-кухара Іньяцыа Роза, прадэгуставаць аліўкавы алей і духмяны эспрэса.


Але Італія — гэта не толькі кухня. Гэта яшчэ і мода, мастацтва, літаратура, тэатр. І ў гасцей свята сёння ёсць магчымасць ацаніць модныя калекцыі (прадстаўленыя Беларускай палатай моды), можна паспрабаваць сябе ў ролі вулічнага мастака, у літаратурным кутку ўспомніць персанажаў любімых з дзяцінства кніг, пасмяяцца з персанажаў камедыі дэль артэ ў выкананні акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

Прывітальная прадмова пасла Італіі ў Беларусі Стэфано Б'янка
У музыкальнай частцы госці пачуюць тэмпераментныя салентыйскія бубны і мілагучныя беларускія цымбалы, якія прагучаць у выкананні дзіцячых фальклорных калектываў «Тамбуралісты з Атранта» і «Дударыкі», якія выступаюць сёння на адной сцэне ў рамках сумеснага праекта «Музыка для сябра: давайце расці разам».

Паказ дзіцячай моды

Арганізатары мерапрыемства — Мінгарвыканкам і Пасольства Італіі ў Рэспубліцы Беларусь. Пачатак мерапрыемстваў у 12.00. Працягнецца свята да 22.00.

А заўтра прыходзьце на плошчу ў Верхні горад на Дзень габрэйскай культуры «Фэст восеньскіх свят».
А для тых, у каго не атрымалася сёння прыйсці на свята, прапануем перанесціся ў Італію на сваёй кухні. Вось рэцэпт італьянскай кухні вядомай стравы з рысу — рызота з ляснымі грыбамі:

Склад: свежыя (ці замарожаныя) лясныя грыбы — 300 г.,рыс (круглы, багаты на крухмал) — 200–250 г.,булён (курыны, грыбны ці агароднінны) — 1–1,2 л.,цыбуля рэпчатая — 1 шт.,часнок — 1 зубок,белае сухое віно (па жаданні) — 50–70 мл,цвёрды сыр (Пармезан і т.п.) — 50 г,сметанковае масла — 4 сталовых лыжкі,алей — 2 сталовых лыжкі,зеляніна пятрушкі, соль, свежамолаты перац
Падрыхтоўка:Парада: у рызота будзе найбольш яркі грыбны смак, калі для яго падрыхтоўкі выкарыстоўваць булён, прыгатаваны на аснове сушаных грыбоў.
Лясныя грыбы трэба перабраць, ачысціць, абмыць вадой і нарэзаць сярэднімі кавалачкамі (замарожаныя грыбы — размарозіць). У патэльні разагрэць 1 сталовую лыжку алею, выкласці грыбы, трохі пасаліць, перамяшаць і абсмажыць на павольным агні, пад вечкам, да гатоўнасці, каля 10–15 хвілін.Як толькі ўся вадкасць выпарыцца, павялічыць агонь, дадаць да грыбоў 1 сталовую лыжку сметанковага масла і абсмажыць да лёгкага зарумяньвання.
Абсмажаныя грыбы перакласці ў міску і захаваць у цяпле. Цыбулю ачысціць і дробна нарэзаць. Зубчык часнаку ачысціць і раздушыць плоскім бокам ляза нажа.
У патэльні разагрэць 2 сталовых лыжкі сметанковага масла з 1 сталовай лыжкай расліннага, выкласці лук, раздушаны зубчык часнаку, трохі пасаліць, паперчыць і абсмажыць 4 хвіліны на сярэднім агні, памешваючы. Засыпаць рыс (рыс для рызота звычайна не прамываюць), перамяшаць і гатаваць, памешваючы, 2–3 хвіліны. Уліць віно, перамяшаць, павялічыць агонь і даць алкаголю выпарыцца, каля 2–3 хвілін. Агонь паменшыць да мінімальнага і ўліць 1 апалонік гарачага булёну. Гатаваць рызота, памешваючы, пакуль булён цалкам не ўвабраўся ў рыс. Па меры выпарэння вадкасці, працягваць дадаваць булён па 1 апалоніку.

Фота andychef.ru
Парада: Рызота гатуецца каля 20 хвілін і мае далікатную крэмападобную кансістэнцыю (такая кансістэнцыя дасягаецца за кошт выкарыстання адмысловых гатункаў рысу), але рыс павінен заставацца ледзь цвярдаватым (аль дэнтэ).
За 5 хвілін да гатоўнасці, дадаць абсмажаныя грыбы і ўліць яшчэ апалонік булёну. Перамяшаць рызота і даць булёну ўвабрацца ў рыс. У канцы падрыхтоўкі дадаць сечаную зеляніну пятрушкі і перамяшаць. Нацерці пармезан, дадаць сталовую лыжку сметанковага масла і перамяшаць (пры неабходнасці, дасаліць па гусце). Даць настаяцца пад вечкам 3–5 хвілін і адразу падаваць да стала.
Buon appetito!