У чым сакрэт папулярнасці застольных песень? (фота, відэа)

У серыі «Традыцыя» выйшаў CD «Бяседныя песні». 21 кастрычніка яго прэзентавалі ў галерэі tut.by з удзелам носьбітаў фальклору. Укладальніца дыска Яніна Грыневіч распавядае пра адметнасці песень, якія нашы продкі зацягвалі пры стале.

2019_09_15_a._ljaszkevicz_0009_logo.jpg

Застольныя песні маглі зваць таксама бяседныя, гасцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Першая частка дыска – гэта жывыя экспедыцыйныя запісы з архіву Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі (ІМЭФ) Акадэміі навук. Другая частка – студыйныя запісы Таццяны Песнякевіч і Ірыны Мазюк. Бонусам – запісы Сержука Доўгушава і Сяргея Панізніка. Самы стары запіс 1961 года, з вёскі Савічы Пастаўскага раёна. Самы новы запісаны ў 2015 годзе пад Драгічынам, вёска Навасёлкі.

Бяседныя песні бываюць вельмі розныя. Частка іх прысвечана самому моманту застолля. Яны запрашаюць да стала, да частавання, апяваюць шчодрасць гаспадароў. На дыску такія песні адкрываюць абедзве часткі: “Сядзем, сядзем пабяседаваем” і “Ой вы, столікі мае пазасціланые”. Песні пра чарачку маглі выконваць функцыю сучасных тостаў. У другім відзе застольных песень раскрываюцца жыццёвыя тэмы: асабісты лёс чалавека, сямейныя складанасці, каханне. У сюжэтна-тэматычнай разнастайнасці бяседных песень – сакрэт іх папулярнасці. Тэмы “вечныя” і не могуць не кранаць.

Частка застольных песень прымеркаваная да абрадаў сямейнага і каляндарнага цыклаў, у першую чаргу да хрэсьбінаў, талакі і дажынак. Бяседы абавязкова ладзілі падчас кірмашоў – гасцяванняў на храмавае свята вёскі, калі з наваколля прыязджалі родныя і сябры гаспадароў. Бываюць застоллі, не звязаныя са святамі, калі людзі проста збіраюцца разам.

Бяседныя спевы – гэта жывая традыцыя. Да сённяшняга дня можна пачуць, як пяюць пры стале. Іншая справа, што выконваюць: могуць быць самыя розныя песні, не толькі народныя творы, а і літаратурнага паходжання, нейкія эстрадныя хіты. На дыску, напрыклад, ёсць песня “Стаіт гара высокая” ў выкананні народнага майстра Мікалая Тарасюка – твор літаратурнага паходжання на словы ўкраінскага паэта Леаніда Глебава. У гэтай аўтарскай песні абыгрываецца матыў “незваротнай маладосці”, характэрны для народных тэкстаў. Магчыма, таму твор быў вельмі папулярным і ў выніку фалькларызаваўся. У архіве ІМЭФ ёсць іншыя ўзоры, калі людзі спявалі гэту песню як народную.

2019_10_21_bjasednyja_pesni_a._ljaszkevicz_1_logo.jpg
2019_10_21_bjasednyja_pesni_a._ljaszkevicz_8_logo.jpg


У планах – данесці дыскі да тых, чые галасы на іх гучаць, ці да іх нашчадкаў. Таму выданне будуць перадаваць у раённыя бібліятэкі; ужо пачалася серыя прэзентацый у рэгіёнах.

У Мінску 21 кастрычніка дыск прэзентавалі другім разам. На імпрэзе выступілі гурты “Каляжанкі” са Століншчыны, “Рада” з Мінска, дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з Драгічынскага раёна. Першая сталічная прэзентацыя адбылася ў верасні на фестывалі “Раёк”.

Дзе можна паслухаць спевы i набыць запiсы?

На сайце ёсць расклад сустрэч «Спеўнага сходу». А ў найблiжэйшы час – на мерапрыемствах, якiя арганізоўвае Сяргей Доўгушаў ці бярэ ўдзел са сваiм фольк-рок гуртом «Vuraj».

7-8 лiстапада ў Мiнску на вул.Кастрычнiкай, 16 у рамках Litvak Klezmer Fest. Там Доўгушаў з сябрамi заспявае, адпаведна, сваю габрэйскую праграму – «Габрэйскi спеўны сход». А апрача «Vuraj» можна будзе пачуць процьму габрэйскiх музыкаў i спевакоў з Беларусi, ЗША, Германii, Польшчы, Украiны ды iнш.

Сольны канцэрт «Vuraj» адбудзецца 11 лiстапада ў Мiнску ў клубе «Брюгге» на пр.Партызанскiм, 6а ў 19.00