У Мінску адбудзецца прэзентацыя зборніка Вернэра Аспенстрэма «Літанне» у перакладзе на беларускую мову
13 лістапада у 18.30 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя зборніка Вернэра Аспенстрэма «Літанне» у перакладзе Алесі Башарымавай.
Вернэр Аспенстрэм (1918-1997) – адзін з выбітных шведскіх паэтаў ХХ стагоддзя. Яго творы ставяць у шэраг з творчасцю шведскіх нобелеўскіх лаўрэатаў Тумаса Транстромера і Хары Марцінсана. Ён быў сябрам Шведскай акадэміі, адзначаны многімі літаратурнымі прэміямі, а ў 1999 годзе ў Швецыі была заснаванаяпрэмія імя Аспенстрэма.
Вершы Аспенстрэма паказваюць шматслойнасць жыцця. Аўтар прыводзіць нечаканыя і трапныя вобразы, схіляе чытача да назірання і роздумаў, захапляецца прыродай і краявідамі дзяцінства.
Алеся Башарымава, дзякуючы якой вершы Аспенстрэма гучаць сёння па-беларуску, вядомая і іншымі сваімі перакладамі шведскай літаратуры: паэзіі Дана Андэрсана, Эдыт Сёдэргран, Тумаса Транстромера, аповесцей Тувэ Янсан пра мумітроляў, шэрагу шведскіх кніг-карцінак ды народных казак.
Апроч самой перакладчыцы ў імпрэзе прымуць удзел перакладчыкі Ігар Кулікоў (рэдактар зборніка «Літанне»), Андрэй Хадановіч, Лявон Баршчэўскі і Наталля Паваляева.
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13)Калі: 13 лістапада 2019 г. у 18.30.Куратар мерапрыемства: Андрэй Мельнікаў, навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела.
Паводле прэс-рэліза