«Валадар пярсцёнкаў» выдавецтва «Янушкевіч» б’е рэкорды па папярэдніх замовах

У выдавецтве «Янушкевіч» напрыканцы лістапада пачаўся перадпродаж ліцэнзаванага выдання «Брацтва пярсцёнка» — першай кнігі знакамітай трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» Джона Р. Р. Толкіна. За першыя суткі папярэдняй замовы яе заказалі больш за 200 чалавек.

Фота з facebook.com/januskevic.books

Фота з facebook.com/januskevic.books

«Брацтва пярсцёнка» — ліцэнзаванае выданне. Гэта значыць, што кіраўніку выдавецтва Андрэю Янушкевічу ўдалося набыць ліцэнзію на твор у праваўладальнікаў. Варта зазначыць, што раней у выдавецтве казалі, што з-за перамоваў з праваўладальнікамі кніга выйдзе ў 2024 годзе. Як бачым, выдаўцы справіліся з праблемай раней.

«Брацтва пярсцёнка», што выдае «Янушкевіч» — гэта новы пераклад на беларускую мову сусветнавядомага рамана-эпапеі англійскага пісьменніка. Ён створаны маладым беларускім паэтам і перакладчыкам, знаўцам санскрыту, стараісландскай і стараанглійскай моваў Ігарам Куліковым. У даробку спадара Ігара — «Чытво» Чарлза Букоўскі, 1-е кола Рыгведы, урыўкі з Магабгараты, «Ліст Ніґлатворы» Джона Р. Р. Толкіна.

«Вядомы пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс так сказаў пра “Валадара Пярсцёнкаў”: “Гэтая кніга — як маланка з чыстага неба… Яшчэ ніхто не прыдумляў свету настолькі шматграннага і ў той жа час настолькі вернага сваім унутраным законам; свету, які здаваўся б настолькі рэчаісным і які быў бы настолькі ачышчаным ад налёту індывідуальнай псіхалогіі аўтара; свету, настолькі актуальнага ў цяперашніх чалавечых абставінах, але настолькі свабоднага ад алегорыі», — так прадстаўляе сваю навінку выдавецтва.

У выданне ўключаны карты «Частка Воласці» і «Захад Серадзем’я ў канцы Трэцяй эпохі», а таксама «Прадмова да другога англійскага выдання» і «Тлумачэнне некаторых імён і назваў».

Над вокладкай і мастацкім афармленнем кнігі працавала мастачка Настасся Пазняк.

Глядзіце таксама

Афіцыйны старт продажаў «Валадара пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка» адбудзецца ў Варшаве 19 снежня ў Беларускім моладзевым хабе (ul. Dożynkowa, 6a). Пачатак а 11-й гадзіне.

Але ў выдавецтве кажуць, што лепш рабіць перадзамову з паштовай і кур'ерскай дастаўкай у асобныя еўрапейскія краіны, у тым ліку і ў Беларусь, бо ў звычайным продажы кніга будзе каштаваць прыкладна на 20% даражэй.

Выдаўцы просяць пры афармленні папярэдняй замовы не класці ў кошык іншыя кнігі, бо тады яны прыйдуць не раней за 18 снежня 2023 года. Лепей зрабіць яшчэ адну замову.

Старт продажаў адбудзецца ў Варшаве 19 снежня 2023 года. Месца продажаў - Беларускі моладзевы хаб (ul. Dożynkowa, 6a). Пачатак а 11-й гадзіне.

Як будзе выглядаць кніга? У цвёрдай вокладцы, фармат 140х205 мм, 572 старонкі, з лясэ (тканевай закладкай) і залатым хот-стампінгам на вокладцы. 

Кнігу можна замовіць і ў Беларусь.

Паводле Reform.by, выдавецтва «Янушкевіч»