Віктар Марціновіч: Тадэвуш Касцюшка — не беларускі герой

Віктар Марціновіч на budzma.by выказваецца на актуальную сёння тэму, і тэкст пачынаецца словамі "Як жа вы забадалі!".

f6143b9aaa0e9b87dc75ec4e7abeac65.jpg


Як жа вы забадалі!

Моцарт – не аўстрыйскі кампазітар, бо найлепшыя ягоныя оперы напісаныя на італьянскай мове, а “Фігаро” быў больш папулярны ў Празе, чым у Вене. Як можа лічыцца аўстрыякам чалавек, які адмовіўся ад уласнай мовы, пісаў на чужаземнай? Як можа быць агент ганебнай італьянскай культуры, што захапіла ўсю Еўропу, прылічаны да нашых?

Леанарда да Вінчы – не італьянскі геній, бо апошнія гады жыцця правёў у Амбуазе, а на ягонай магіле напісана: “Выбітны мастак, інжынер і будаўнік Французскага каралеўства”. Дык які ён італьянец? Калі ёсць сумневы – перачытайце, што напісана на магіле. Шах і мат, таварышы псеўдагісторыкі мастацтва!

Сальвадор Далі – не іспанскі мастак, бо, па-першае, быў каталонцам, а каталонцы ж гэта не іспанцы, а па-другое, значную частку жыцця правёў у ЗША. Во хай яго амерыканцы лічаць сваім.

Джойс не быў ірландскім пісьменнікам, бо “Уліс” быў упершыню апублікаваны ў амерыканскім часопісе The Little Review, а поўная версія “Уліса” выйшла ўпершыню не ў Ірландыі, а ў Францыі. Джойс, відавочна, быў агентам амерыканскіх спецслужбаў па насаджэнні культу ўсяго амерыканскага ў свеце. Сапраўдны ірландзец, варты таго, каб яго прыняла радзіма, мусіў друкавацца толькі ў Дабліне!

Томас Джэферсан – не амерыканскі нацыянальны герой, бо ён англіканец па нараджэнні. Ну і хай сабе ён напісаў тую Дэкларацыю незалежнасці – як можа лічыцца амерыканцам чалавек, які быў народжаны ў англіканскай веры? Відавочна ж, ён – брыт! Хай яго сабе англійская карона забірае! Не патрэбны Амерыцы такі “герой”!

Уладзімір Набокаў – не рускі пісьменнік, бо навучыўся размаўляць па-англійску раней, чым па-руску, а большую частку жыцця правёў у ЗША. Ён адкрыта плявузгаў на бальшавікоў, існаваў на грошы амерыканскай выведкі. Да таго ж ён памёр і пахаваны ў Мантро ў Швейцарыі. А сапраўдны рускі герой можа памерці толькі ў Расіі, быць пахаваным у роднай зямельцы.

Шагал – не французскі мастак, бо сапраўдным французскім мастаком можа лічыцца толькі той, хто нарадзіўся ў Францыі. А ён і балакаць па-французску вучыўся са складанасцямі! Выяўляў на сваіх карцінах не Францыю, а нейкую ўсходнееўрапейскую правінцыю. Працэнтная доля выяваў Эйфелевай вежы на творах французскага мастака не можа быць меншай за 30 адсоткаў. У Шагала менш, мы правяралі. Не, не! Не француз! Хай яго сабе габрэі забіраюць.

Шагал – не габрэйскі мастак, бо выяўляў на сваіх карцінах людзей, а Тора піша, што чалавек створаны “паводле вобразу” Б-га (Берэшыт 1:27), а Талмуд забараняе выяўляць таго, што падобнае Б-гу.

Бетховен – не нямецкі кампазітар, бо як можа нямецкі кампазітар быць глухім? Нямецкі кампазітар мусіць чуць лепш за ўсіх. Мы адмаўляемся прымаць яго ў свой культурны пантэон!

Гаген – не французскі мастак, бо ён усё сваё жыццё працягаўся па сумнеўных калоніях, канфліктаваў з каланіяльнай адміністрацыяй, то бок з упаўнаважанымі прызначэнцамі французскай дзяржавы. Хай во яго таіцянцы лічаць сваім.
Чайкоўскі – не рускі кампазітар, бо рускі кампазітар не можа быць гомасэксуалістам. Кропка.

Ван Гог – не нідэрландскі мастак, бо росквіт творчасці прыпаў на жыццё ў Францыі. Да таго ж ён адсек сабе вуха. Ва ўсіх нідэрландскіх мастакоў вушы на месцы: у Ераніма Босха – два вухі, у Яна ван Эйка было два вухі, у Хуга ван дэр Гуса было як мінімум два вухі. Дык навошта Нідэрландам нейкі куртаты Ван Гог?

Рэпін – не рускі мастак, бо нарадзіўся ў горадзе Чугуеў, які цяпер адносіцца да Украіны, а сам шмат часу правёў у маёнтку Здраўнява пад Віцебскам. Дык на чый млын ліў вадзіцу Ілля Рэпін? На ўкраінскі млын? На беларускі млын? Гэць з ліку рускіх дзеячаў!

Пушкін не быў рускім паэтам, бо ягоны прадзед Ганібал быў не з Расіі. Гэта мякка кажучы. Мы б тут напісалі, адкуль яго быў прадзед Пушкіна Ганібал але вы лепей самі паглядзіце. Што гэта за блюзнерства, што за паскудніцтва – пісаць, што Пушкін – рускі паэт?

Горкі не быў рускім празаікам, бо не можа рускі празаік тырчаць столькі часу на Капры. Сапраўдны рускі празаік мусіць туліцца да рускіх бярозак, да яблыневага спасу, да мядку, да драўляных хатак, да калодзежаў, да барадатых мужычкоў, да сенакосу, да рыбалачкі, на плотку, на ліня, з кружочкамі, з мармышкай, з вудай, часанай з алешыны, з яйкам, завернутым ў палатняны ручнічок, з квасам у жбаночку.

У некаторых людзей у галаве ёсць бідончык, трапляючы ў які, любыя гістарычныя падзеі, постаці і ідэі ператвараюцца ў гаўно. Спецыфіка Беларусі ў тым, што ў Беларусі людзі з гэтым бідончыкам займаюць пасады, кіруюць дыскурсам і выступаюць па тэлебачанні.

Віктар Марціновіч, budzma.by