Воля Дземка: Пакуль не «зачысцілі» ўсё ўшчэнт і беларуская мова яшчэ не забароненая — трэба рабіць

Ратаванне беларускіх і ўкраінскіх народных строяў для беларускі з ЗША стала спосабам супрацьстаяння расійскай агрэсіі і хваробе.

Фота: volyadzemka.com

Фота: volyadzemka.com

Нядаўна ўбачыў свет альбом «Беларускія традыцыйныя строі»: збор вельмі прыгожых аўтэнтычных касцюмаў з розных рэгіёнаў краіны. Адметнасць яго ў тым, што аўтарка і ўкладальніца Воля Дземка — беларуска, прадзюсарка і рэжысёрка, якая жыве ў амерыканскім Сіэтле.
Менавіта там фізічна знаходзіцца немалая калекцыя ўбораў, якія Воля ўпарта расшуквае і набывае за ўласныя грошы на аўкцыёнах, далікатна рэстаўруе і марыць перадаць у музей, каб убачылі ў жывым дасягу ўсе ахвотныя.
Яшчэ адна, важная для разумення, акалічнасць. Воля не любіць пра тое казаць, аднак ужо некалькі год яна змагаецца з цяжкім аўтаімунным захворваннем. І ўсё гэта — складанне камплектаў, максімальна набліжаную да арыгіналаў рэканструкцыю адсутных элементаў, тонкі рамонт карункаў і вышыўкі, падбор караляў і гузікаў, здымкі мадэляў — яна робіць літаральна ў перапынках паміж сеансамі «хіміі». Робіць, можна сказаць, насуперак усяму таму, што адбываецца. Яна называе гэта «лекавацца прыгажосцю».
Пра супрацьстаянне «паўзучаму імперыялізму», ратаванне беларускіх і ўкраінскіх народных строяў і мару стварыць музей народных касцюмаў Воля распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці».

«Устаць і працаваць, без варыянтаў»


Гэта ўжо другое выданне альбому — поўнакаляровае, дзвюхмоўнае, на 140 старонках у паперы і электроннай версіі. Першы варыянт, які мы выпусцілі ў 2021 годзе, — больш каталожны, проста паказаць, што назбіралася ў калекцыі, — гаворыць дзяўчына.
З 2009 года разам з іншымі ўдзельніцамі фолк-гурта VOLYA яна выконвае ў ЗША старажытныя беларускія песні, за свае грошы зладзіла этнаграфічную экспедыцыю і зняла пра іх фільм, а яшчэ сабрала адну з найбуйнейшых па-за межамі краіны прыватных калекцый аўтэнтычных строяў.
Пачалася гэтая гісторыя з неглюбскай кашулі, набытай на eBay пад выглядам «рускай». Цяпер у калекцыі 234 прадметы адзення і аксэсуары, што складаюць больш як 30 святочных убораў ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя (у асноўным жаночых, але ёсць і некалькі мужчынскіх камплектаў).
Альбом я рыхтавала больш асэнсавана, падбіраючы ўборы цалкам з канкрэтных рэгіёнаў — і пасікі, і вянкі (іх у Беларусі амаль няма, то замаўлялі ў майстрыхі, штосьці рэканструявалі самі). То-бок, гэта сур’ёзная, глыбокая і працаёмкая рэч, — тлумачыць Воля.
Папярэдняя версія выдання зайграла, дзякуючы мадэлі, Жэні — зводнай сястры Волінай хрэсніцы. Строі маленькіх памераў выдатна селі на дзяўчыну-падлетка, і адразу ператварыліся з музейных экспанатаў у частку народнай культуры — жывую і прыгожую. А ўжо колькі было пытанняў, ці ёсць у дзяўчыны жаніх…

Жэня ў жабінкаўскім строі. Тут і далей фота Волі Дземкі з альбому «Беларускія традыцыйныя строі»

Жэня ў жабінкаўскім строі. Тут і далей фота Волі Дземкі з альбому «Беларускія традыцыйныя строі»

З другім альбомам атрымалася інакш. Праз шэраг абставінаў Жэня змагла далучыцца да працы толькі часткова. І тут цудам зраслося — шукаючы ў амерыканскіх агенцтвах мадэляў («яны ўсе вельмі прыгожыя, вачэй не адвесці, але ўявіць іх у беларускай кашулі немагчыма»), Воля згадала пра беларусаў Антося і Дашу Слабаду — мужа і жонку. Абодва з Мінска, але зараз таксама жывуць у Сіэтле. Дарэчы, працавалі бясплатна — сказалі, што гэта іхні ўнёсак у захаванне беларускай культуры.

volya_3_24.jpg

Антось і Даша Слабада ў кобрынскіх строях
Макет альбому быў перададзены дызайнеру 23 лютага. І невядома, ці ўбачыў бы свет, бо ў жудасных рэаліях вайны падавалася бессэнсоўным штосьці казаць пра беларускую культуру.
Прыйшло 24 лютага, і ў нас ва ўсіх зноў, як у жніўні 2020-га, забралі паветра, — успамінае Воля. — Але, напэўна, з-за таго, што мы жывем у стане пастаяннага стрэсу гэтыя два гады, вярнуцца да працаздольнасці ў беларусаў, на мой погляд, атрымалася хутчэй.
Бо мы проста ўжо ведаем, як упасці так, каб потым ускочыць і рушыць далей, і не маем часу, каб сядзець і займацца самашкадаваннем — трэба ўстаць і працаваць, без варыянтаў.
Так, выдаваць альбом зараз было дзіўна. Нават у галаве не ўдавалася скласці нейкі канцэпт — як адцягваць увагу людзей ад дапамогі ваярам, уцекачам, падтрымкі іншых важных праектаў. А потым, асабліва пасля таго, як у Беларусі пачалі закрываць недзяржаўныя выдавецтвы, цкаваць беларусаў за беларускасць — тут якраз шчоўкнула, што любы крок да таго, каб захаваць беларускасць, не даць ёй растаць у той цемры, якая нас захлынае, гэта менавіта тое, што мы можам рабіць, калі іншыя магчымасці абмежаваныя.
Беларускія строі — гэта тое, што я люблю і раблю добра. І калі Алена Дзянісава дарабіла макет, канчаткова склалася адчуванне: трэба выпускаць. Бо чым больш якарочкаў беларускасці, за якія можна зачапіцца, тым больш шансаў напомніць самім сабе і свету: мы беларусы, мы ёсць.
Так, вайна працягваецца, і мы не ведаем, ні колькі яна працягнецца, ні што будзе ў выніку. Пакуль ёсць магчымасць, пакуль не «зачысцілі» ўсё ўшчэнт і беларуская мова яшчэ не забароненая — трэба рабіць.

Давыд-Гарадоцкі строй з пазнавальнай «шапачкай» на адмысловым каркасе

Давыд-Гарадоцкі строй з пазнавальнай «шапачкай» на адмысловым каркасе



«Адказ на шматвяковую гвалтоўную русіфікацыю»


У калекцыі цяпер ёсць і ўкраінскія строі — іх ужо 17 (106 прадметаў), і некаторыя ўдалося ўратаваць амаль што цудам. Украінская дыяспара ў Сіэтле загарэлася ідэяй сабраць сумесную беларуска-ўкраінскую выставу і прапанаваць яе мясцоваму музею мастацтваў.
Даследчыца, дактарант кафедры славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх моў і культур Каліфарнійскага ўніверсітэта Саша Рэйзар з дапамогай журналісткі і пісьменніцы Таццяны Заміроўскай падрыхтавалі Mission Statement — навукова-папулярнае тлумачэнне, чаму фальклорны гурт VOLYA і ягоныя праекты цяпер асабліва важныя.
Строі як частка традыцыйнай культуры, тлумачаць яны, — гэта не проста расшытыя рукадзельніцамі прыгожыя кашулі, хусткі ды фартушкі, але моцны інструмент самаідэнтыфікацыі і антыкаланіяльнага супраціву: «Адказ на шматвяковую гвалтоўную русіфікацыю і вынішчэнне родных культур у рэгіёне гістарычным і сучасным расійскім імперыялізмам. Ва ўсходнеславянскіх мовах «воля» азначае «свабода», і гэта якраз тое, да чаго мы імкнемся».

Кіеўскі і чарнігаўскі строі. Фота volya.weebly.com
— Канешне, музей — гэта планы на будучыню, пакуль гэта толькі прапазіцыя, бо дагрукацца да музейшчыкаў досыць цяжка. А пакуль я раблю тое, што магу, каб прыцягваць увагу да беларускага пытання і каб пра Беларусь ведалі не толькі як пра расійскага суагрэсара.
З таго, што ўжо атрымалася рэалізаваць — дабрачынны вечар з модным паказам, сродкі ад якога скіравалі на дапамогу бежанцаў з Украіны. Яго зладзілі знаёмыя Волі, а яна адшукала ў сваіх калекцыйных куфрах некалькі ўбораў.
Першыя з іх, успамінае, аказаліся ў яе амаль выпадкова — ніяк не атрымлівалася знайсці спадніцу для беларускага брагінскага строю, затое трапіўся на вочы чарнігаўскі — і гэтыя камплекты былі вельмі падобныя.
Звычайна ў знаўцаў этнічныя строі каштуюць вельмі нямала, часам як крыло самалёта, а тут пашанцавала, што ўсё было ў добрым стане і за адэкватныя грошы. Замовіла некалькі памежных строяў, якіх не хапала ў беларускай калекцыі. Назбіралася два поўныя камплекты, кіеўскі і чарнігаўскі.
Пабачыла, што дзяўчаты-валанцёркі з фонду, які збірае грошы на ваду, ежу, медыкаменты для ўцекачоў і тых, хто жыве ў прыфрантавых раёнах, і вырашыла зладзіць дабрачынны вечар да Дня вышыванкі. А паколькі гэта мае сяброўкі, прапанавала ім гатовыя строі, потым яшчэ сяброўка папрасіла, я пакорпалася — і назбірала праз свае каналы рэчаў яшчэ на тры ўкраінскія строі.
Карацей, той дабрачынны вечар у выніку атрымаўся, і аўкцыён зладзілі — усё разляцелася, уключаючы нашу выцінанку, сабралі, здаецца, 38 тысяч долараў. А зараз дамовіліся, што я дарамантую і даводжу да ладу калекцыю ўкраінскіх строяў, а дзяўчаты акурат паспрабуюць праціснуць яе ў музей.

«Не з падтрымкай дзяржавы, а насуперак»


Літаральна некалькі год таму Дзень вышыванкі шырока адзначаўся і ў Беларусі — каларытныя святы з моднымі паказамі і замежнымі пасламі ў беларускіх строях ладзіла МЗС, а міністр Макей заяўляў, што вышыванку трэба насіць часцей . Але з 2020-га адліга змянілася рэпрэсіямі, «няправільную» беларускасць і крамы з нацыянальнай сімволікай пачалі зачышчаць, а свята фармалізаваў, заідэалагізаваў і падмяў пад сябе БРСМ. Сёння ў краіне чырвоны арнамент на белым — лічы, пікет.

Маларыта

Маларыта


volya_8_24.jpg

Жабінка
Пытаюся ў Волі, ці адувае цяжар адказнасці за тое, каб захаваць гэтую частку беларускай культуры.
Шчыра кажучы, я раблю гэта таму, што не магу не рабіць, — усміхаецца яна. — Бо разумею, што ў такім фармаце ў цяперашняй Беларусі гэта проста немагчыма.
Уявіце: у сталіцы краіны няма не тое што нармальнага музею строяў, але і музею народна-прыкладнога мастацтва. Ёсць Раўбічы, там у філіяле мастацкага музею выстаўляюцца вельмі прыгожыя ўзоры народных рамёстваў, у тым ліку сялянскія гарнітуры. Але ў сталіцы — нуль.
І дзе ўбачыць, дзе паглядзець гэта багацце і разнастайнасць традыцыйнага касцюма, калі нават альбом «Беларускае народнае адзенне» Раманюка быў выдадзены ў 1981-м і застаўся ў асобных знаўцаў?
Па шчырасці, гэта мая мара — каб у Менску з’явіўся музей нацыянальнага строя. Не закрытая для шырокай публікі калекцыя, як у Акадэміі навук, не чатыры экспанаты на ўвесь гістарычны (прыгадаем, з музею днямі прыбралі постаці Ягайлы і Вітаўта разам са шляхецкімі ўборамі — пасля скаргі, «што тут робяць польскія акупанты» — С.). У ідэале — каб у кожнай беларускі быў свой строй, ці хаця б свая вышываная кашуля. Хай нават нязграбнае, ды беларускае, а не какошнік і «во поле берёзка стояла».

Слуцк

Слуцк


Але зараз умельцаў, народных майстроў не тое, што няма: яны ёсць тут, тут і тут, на краіну ў 9,5 мільёнаў чалавек вельмі мала. Я калі працую з украінскімі строямі, плакаць хочацца, бо ў іх у кожным раёне ёсць нейкі цэнтр адраджэння спадчыны, да іх можна звярнуцца і яны пракансультуюць, дзе замовіць сабе камплект.
У Беларусі ж гэта альбо крамы, якія не грэбуюць машыннай вышыўкай і досыць дзіўна ўяўляюць сабе народныя строі, альбо кропкава шукаць нешматлікіх майстроў, якія табе дапамогуць. Прычым усё гэта робіцца не з падтрымкай дзяржавы, а насуперак.
Як паказалі ранейшыя дні вышыванкі, калі гэта не прыціскаецца, яно квітнее — бо ўсё натуральнае развіваецца само, не трэба толькі перашкаджаць. А пакуль — робім, што можам, каб захаваць сваё. Канешне, з тыражом у 300 асобнікаў наш альбом не ўратуе сітуацыю. Але гэта адна з крупіначак у справе, і нават 300 крупіначак — лепш, чым нуль.
P.S. Воля Дземка працягвае збіраць і аднаўляць калекцыю этнічных — цяпер ужо і беларускіх, і ўкраінскіх — строяў, дзеліцца сваімі здабыткамі з народнымі майстрамі і кіраўнікамі дзіцячых гурткоў, а цяпер яшчэ прымае ў сябе ўцекачоў з Украіны.
Вось тут можна віртуальна пагартаць альбом беларускіх строяў і замовіць яго ў папяровым ці электронным фармаце, а тут — падтрымаць саму Волю.