Зміцер Сасноўскі: Беларускую музыку і культуру за мяжой цэняць болей, чым у нас

Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» вярнуўся з працяглага тура па Амерыцы. 19 лістапада ён збіраецца выступіць у Менску і прэзентаваць новы альбом.

stary_olsa_1.jpg

 Музыкі правядуць у Беларусі зусім няшмат часу і хутка зноў з’едуць на гастролі. З гэтай нагоды VEDI.BY вырашыў зазірнуць у госці да лідара гурта Зміцера Сасноўскага.

Нагадаем, што «Стары Ольса» — адзіны беларускі гурт, які атрымаў кантракт на серыю тураў па ЗША.

— Зміцер, раскажы пра гэты апошні тур. Што вы там бачылі? Што паказвалі?

— Трэці тур у большасці паўтараў першы і ахапіў Паўночныя штаты. Але ён быў самы вялікі ў параўнанні з першым і другім. Мы двойчы перасеклі Амерыку ад акіяну да акіяну. Гэта першы раз, калі мы наведвалі тыя фестывалі, якім мы спадабаліся яшчэ год таму, і якія захацелі зноў нас запрасіць. Мы ўпершыню наведвалі месцы, дзе ў нас ёсць заўзятары і аматары. У першую чаргу гэта Мінэсота і Мэріленд — два штаты. У першы раз мы так доўга былі ў Амерыцы — два з паловаю месяцы. Упершыню мы гралі ва ўніверсітэтах. І аказалася, што для любога гурта, які прыязджае за мяжу, запрашэнне выступаць ва ўніверсітэтах ці ў грамадскіх залах — гэта вельмі прэстыжна. Выйшаў наш другі ўжо альбом у Амерыцы. «Вада, хмель і солад». На Беларусі ён павінен выйсці ў сярэдзіне кастрычніка, перад прэзентацыяй.

 

Выступ гурта "Стары Ольса". Здымак узяты са старонкі гурта ў сацсетках

Выступ гурта "Стары Ольса". Здымак узяты са старонкі гурта ў сацсетках

— Ці ведаюць амерыканцы, што існуе такая краіна — Беларусь?

— Амерыканцы не ведаюць, дзе Беларусь. Таму рэгулярна прыходзіцца тлумачыць. Былі ўсялякія дзіўныя выпадкі, калі ў Мэрылендзе, напрыклад, адзін слухач пасля канцэрту падышоў і кажа: «А які абутак вы носіце? Я гляджу, у вас такі арыгінальны абутак, скураны.» А нашыя хлопцы пачалі казаць: «Адзідас», «Найк», «Рыбак». «Як? Я ж думаў, у вас такі арыгінальны абутак!» «Дык гэта ж сярэднявечны абутак, сцэнічны!» Такія нюансы. Многія амерыканцы ўзгадваюць свае карані — хто адкуль паходзіць. Сустракаліся такія выпадкі, калі ў 4 — 5-м пакаленні амерыканцы памятаюць, што іх паходжанне з Беларусі.

— Як успрымаецца беларуская мова?

— Многія да нас звярталіся на рускай мове, думаючы, што калі з былога СССР, то ўсе рускамоўныя. Даводзілася часта тлумачыць, што ў нас ёсць свая мова. У нас пыталі, а як «дзякуй» па-беларуску? Мы кажам, ну, «дзякуй». І гэтае «дзякуй» з нашай падачы многія амерыканцы вывучалі. Яны кажуць «спасібо» і «дзякуй» — гэта вялікая розніца і вялікае адкрыццё! Але простыя амерыканцы такія прыязныя, што, калі даведваюцца, з якой ты краіны, адразу лезуць у інтэрнэт, пару словаў вывучваюць і ўжо з усмешкаю іх выкарыстоўваюць. Такое ўражанне, што ім гэта прыемна.

 

"Hello from Colorado mountains!! Going to you! Next stops are Nebraska and Minnesota". Здымак узяты са старонкі гурта ў соцсетках

"Hello from Colorado mountains!! Going to you! Next stops are Nebraska and Minnesota". Здымак узяты са старонкі гурта ў соцсетках

— Ці ёсць цікавасць у амерыканцаў да беларускіх песень, беларускага сярэднявечча?

— Цікавасць не проста ёсць. У Амерыцы няма сярэднявечнай музыкі ў тым разуменні, у якім яна развіваецца ў Еўропе. Гэта старыя інструменты, набліжаныя да старадаўніх, гэта мелодыі сярэднявечныя і плюс, па магчымасці, аўтэнтычнае выкананне. Такой музыкі ў Амерыцы няма. Таму кожны фэст сярэднявечнай культуры завалены народнай музыкай — ірландскай, шатландскай, французскай, камернай вакальнай (такіх мы сустракалі гуртоў нямала). І цікавасць да нас настолькі вялікая, што на 2018 год мы атрымалі прапанову ўжо трох тураў, а не двух на год, як звычайна. Але мы адмовіліся, таму што тры туры — гэта ўжо нейкая міні-эміграцыя. Мы захацелі пабыць у Беларусі болей. Для разнастайнасці асенні тур замянілі на летні. Мы паедзем абсалютна па новых штатах. Гэта новая авантура нашага прадзюсара. Яна спрабуе высветліць нейкую новую публіку, стварыць імя там, дзе мы яшчэ не былі.

Узімку мы вельмі хутка — 17 студзеня, — зноў паляцім, зноў больш чым на два месяцы. Будзем выступаць у Паўднёвых штатах.

Выступ гурта "Стары Ольса". Здымак узяты са старонкі гурта ў сацсетках

Выступ гурта "Стары Ольса". Здымак узяты са старонкі гурта ў сацсетках

— А якія планы на Беларусь? Дзе вас тут можна будзе пабачыць?

— У нас з-за тураў па Амерыкі вельмі шмат фестываляў, якія мы не здолелі наведаць. Не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, ва Украіне, у Чэхіі. Наступны жнівень мы хочам правесці тут. Але ўжо ёсць запрашэнні ў Іспанію і Францыю — куды мы ніяк не патрапім. Магчыма, будзе Партугалія.

— І ўсё ж у Беларусі вас можна будзе ўбачыць калі-небудзь?

— Так. Жнівень — верасень — гэта яшчэ фестывальны перыяд. Мы будзем выступаць у Беларусі. Хутчэй за ўсё мы патрапім на Свята гораду Менску, магчыма, і на фэст «Камяніца». Але пакуль што так далёка загадваць рана.

— Бліжэйшы канцэрт. Пра яго можаш расказаць? Што вы там пакажаце?

19 лістапада ў Менску адбудзецца прэзентацыя альбома «Вада, хмель і солад» — першага ў гісторыі групы застольнага альбома. Мы сыграем творы з гэтага дыска, а таксама нешта і са сталага рэпертуару. Яшчэ прапануем гледачам паўдзельнічаць у адным старадаўнім абрадзе. Які гэта абрад, пакуль не скажу, каб захаваць інтрыгу. Але будуць унікальныя напоі, і вось старадаўняя такая застольная традыцыя. Сам альбом назбіраўся так дзіўна — за апошнія 4 гады мы развучвалі песні, а потым аказалася, што іх можна аб’яднаць разам пад агульнай тэмай застольных песняў.

Застольная музычная культура досыць багатая — спяваліся не толькі песні пра выпіўку і весялосць, але яшчэ і жартоўныя песні, рэлігійныя песні, гістарычныя — пра бітвы, пра славутых асобаў, пра заснаванне гарадоў. Мы б хацелі паказаць, што культура піцця ў нашых продкаў была нашмат лепшая і вышэйшая, чым у нас зараз. Па-першае, гэта адбывалася больш высакародна, а па-другое, моцныя алкагольныя напоі ў сярэднявеччы, у часы Рэнесансу не ўжывалі. А пілі віно, пітны мёд, піва.

"NEW ALBUM "Water, Hops and Malt" (2017)! Ready!!" Вокладка новага альбому гурта "Стары Ольса", які выйшаў у Амерыцы

"NEW ALBUM "Water, Hops and Malt" (2017)! Ready!!" Вокладка новага альбому гурта "Стары Ольса", які выйшаў у Амерыцы

— Дарэчы, пра карчму. Некалькі год запар ты прыкладаеш шмат намаганняў, каб аднавіць старажытную карчму ў вёсцы Гіравічы. Нават заснаваў аднайменны фестываль — «Карчма». Што з гэтым праектам?

— Я не ведаю, што будзе далей з гэтым праектам і з карчмой. Там ёсць пэўныя цяжкасці. Паколькі гэта незарэгістраваны будынак, то ніхто за яго адказнасці не нясе, і ён нікому не належыць. Абнесці плотам участак, у якога не вызначаныя межы, немагчыма. Гэта будзе захоп тэрыторыі. Таму блізка можа пад’язжаць тэхніка і чапляць пабудову (бо побач ідзе будоўля катэджа), што, уласна кажучы, і адбылося ўжо аднойчы. Больш за ўсё ў гэтых апошніх падзеях засмучае тое, што мясцовыя жыхары разнеслі цэлыя цагліны па хатах — проста іх скралі.

Афармленне гэтага будынку перададзена ў Ракаўскі сельсавет. І гэты працэс працягнецца да красавіка. А далей два варыянты: альбо выстаўленне на аўкцыён, а гэта немалыя грошы, каб набыць; альбо гэта вылучэнне ўчастка пад агратурызм. Пад агратурызм калі будзе вылучана, то за тры гады трэба будынак увесці ў эксплуатацыю. То бок санвузлы, кухня, гасцінныя пакоі, ацяпленне. За тры гады, каб гэты будынак давесці да такога стану, патрэбны такія грошы, якіх, на жаль, я не здолею знайсці. Падтрымка ў мяне ёсць, але гэтага не хапае. Таму на сённяшні момант, я схіляюся да таго, што няма сэнсу за гэтую справу брацца, бо няма фінансаў.

Шчыра кажучы, я не разумею, як можна траціць мільёны даляраў на новыя будынкі адміністрацыйныя, пабудову лядовых палацаў, калі такі сімвал, як Крэўскі замак проста руйнуецца. А што датычыць карчмы, то па падліках набыццё, кансервацыя, пабудова каркаснай сістэмы на месцы сцен, якія адсутнічаюць, дах, падлога і вокны — усё гэта цягне на 57 тысяч. Іх знайсці не атрымліваецца. Браць на сабе адказнасць за гістарычны будынак, а потым не здолець яго рэстаўраваць я не хачу.

 

Сцяна старажытнай карчмы ў Гіравічах, пашкоджаная будаўнічай тэхнікай. Фота са старонкі Зміцера Сасноўкага ў сацсетках

Сцяна старажытнай карчмы ў Гіравічах, пашкоджаная будаўнічай тэхнікай. Фота са старонкі Зміцера Сасноўкага ў сацсетках

— Сумна… Давай пра штосьці больш аптымістычнае. Раскажы пра планы на будучыню. Ці ёсць, напрыклад, матэрыялы для наступнага альбома?

— Ёсць. Не зусім для альбома, але для такога вялізнага сінгала. Мы калісьці развучылі ўсе лепшыя мелодыі і склалі лепшы сюжэт з усіх варыянтаў «Балады пра Цмока», якія да нас дайшлі. Мы не проста хочам яе аднавіць і запісаць, мы хочам зрабіць з гэтага батлейку. Мы набылі, нават, старадаўнюю шафу. І, я думаю, у нас атрымаецца гэты праект, але калі мы нарэшце трохі пажывем у Беларусі.

 

"San Francisco, the last day of the tour". Здымак узяты са старонкі гурта ў соцсетках

"San Francisco, the last day of the tour". Здымак узяты са старонкі гурта ў соцсетках

Але што хочацца падкрэсліць — на жаль, нашая беларуская музыка, як і ўвогуле нашая культура, гісторыя недаацэненая самімі беларусамі. Таму даводзіцца канстатаваць факт, што за мяжой яе цэняць болей. І сумна, што ўжо палову з кожнага года мы, гурт "Стары Ольса", праводзім за мяжой.

Гутарыла Кацярына Гусева, vedi.by