«Сямашка ды Кумпанія» выдалі ў Бельгіі мультыфункцыянальны саўндтрэк

Бельгійскі нэт-лэйбал Tape Safe апублікаваў новы альбом праекту «Віктар Сямашка ды Кумпанія». Рэліз атрымаў назоў «Марсаў дзень» (Mars day). Асноўны запіс адбыўся ў Мэмарыльяным музэі-майстэрні Заіра Азгура ў Менску сярод скульптураў савецкіх правадыроў і беларускіх дзеячаў.

siamashka.jpg

«2017-ты год стаў для нас асабліва крэатыўным», — канстатуе Віктар. — «Палітра «Кумпаніі» значна пашырылася, спалучыўшыся зь нямым кіно 1930-ых, з народнымі танцамі, з грыгарыянскімі сьпевамі, зь «сядзібнай» музыкай XIX ст., з кабарэтовай мэлядэклямацыяй, з псыхадэліяй... І кожны з гэтых напрамкаў можна разьвіваць далей».
У выпадку з «Марсавым днём» спантаннае граньне зьяўляецца саўндтрэкам да плястычнае пастаноўкі ў музэі Азгура, ня менш імправізацыйнае. Адначасова музыка суправаджае вершаваныя тэксты пра аўторак, як пра дзень, што ў старажытных рымлянаў прысьвячаўся богу Марсу, а ў розных народаў лічыцца або «чырвоным днём», альбо «днём вагню». Інструмэнтальнае суправаджэньне сугучнае й з мастацкім творам, вынесеным на вокладку.

siamashka_2.jpg


«Мой бацька-мастак недзе напачатку 1990-ых аздобіў памяшканьне ПТУ №228 у Мазыры манумэнтальнай працай. Прычым, выкананая яна ў тэхніцы, у якой пісаліся раньнехрысьціянскія абразы, калі фарба зьмешвалася з воскам. Ня ведаю, ці захавалася гэтая выява. У мяне застаўся толькі слайд з фрагмэнтам росьпісу, які й зьмешчаны на вокладцы», — распавядае Сямашка.

siamashka_3.jpg


У працы над альбомам «Кумпанію» склалі Максім Іўкін (клявішы), Алесь Сямашка (гітара) й плястычнае трыё ў складзе Юліі Бондар, Ірынікі Басалаевай і Дзяніса Краўчонка (танец, сьпеў, званочкі). Таксама мультыфункцыянальны саўндтрэк уключае аўтэнтычны плач, пазычаны з дакумэнтальнага фільму 1969 г. «Пакуль гарыць Сонца». Паслухаць і спампаваць «Марсаў дзень» магчыма па наступнай спасылцы.