Адміністрацыю прэзідэнта ўзначаліў першы намеснік старшыні КДБ

5 снежня Наталля Качанава, якая кіравала Адміністрацыяй прэзідэнта з 2016 года, адпраўлена ў адстаўку. Новым кіраўніком прызначаны першы намеснік старшыні КДБ Беларусі Ігар Сяргеенка.

000019_c115e003976a4e5d432584c70040b35b_344673.jpg


Як паведамляе БЕЛТА, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прызначана Вольга Чупрыс.
Па інфармацыі дзяржагенцтва, Наталля Качанава будзе накіравана ў Савет Рэспублікі па прэзідэнцкай квоце, а Валерый Міцкевіч абраны ў склад Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.
У цяперашні час генерал-маёр Ігар Сяргеенка з'яўляецца першым намеснікам старшыні КДБ Беларусі, а доктар юрыдычных навук, прафесар Вольга Чупрыс працуе ў БДУ на пасадзе прарэктара па вучэбнай працы і адукацыйных інавацыях.
Што яшчэ вядома пра Ігара Сяргеенку.
Нарадзіўся 14 студзеня 1963 года ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1984 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 2006 — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У 1988 прызваны на службу ў органы дзяржбяспекі. З студзеня 2010 года ўзначальваў упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці. У красавіку 2013 года заняў пасаду намесніка старшыні КДБ Беларусі.
Але, як у свой час пісала nn.by, у 2008 менавіта пад яго кантролем праходзіў працэс прызнання экстрэмісцкімі кніг «Лісты з лесу» ( «Лісты зь лесу») Паўла Севярынца, «Выпадковы прэзідэнт» (Калінкінай і Шарамета), а таксама газеты польскай меншасці «Глас знад Немна».
Друкаваную прадукцыю канфіскоўвалі на мяжы ў моладзі. Аднак да прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі справа так і не дайшла.
Ігар Сяргеенка ўваходзіў у «чорны спіс» чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.