Андрэй Суздальцаў: Расія зацікаўлена ў беларускай дзяржаўнасці
Расія прынцыпова не будзе ўмешвацца ў беларускія выбары, кажа расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў: "будзе паўтарацца сітуацыя, як з Украінай, — ніякіх расійскіх ці прарасійскіх кандыдатаў не будзе".
Стратэгічны курс на ўмацаванне стасункаў з Беларуссю не ставіцца пад сумнеў, заявіла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава. Яна сказала, што з гэтай мэтай створана адпаведная расійска-беларуская рабочая група.
Такім чынам Марыя Захарава пракаментавала нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Расія можа страціць «адзінага саюзніка на заходнім кірунку».
У сваю чаргу расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў у размове з карэспандэнтам “Радыё Рацыя” паставіў пад сумнеў, што Беларусь з’яўляецца сапраўдным саюзнікам Расіі:
— Да сённяшняга дня апошнія 25 гадоў мы ўсё імкнёмся зразумець, а які з Беларусі саюзнік? Што мы страцім? Бо саюзнік Расіі — гэта Калінінград. Ён прыкрывае Расію з Захаду. Базу расійскіх ПКС Лукашэнка адмовіўся размяшчаць. І калі ласка. Але гэта быў знак, што гэта не саюзнік.
У плане эканомікі, эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі няма, ёсць толькі кантрабанда і датацыі. І ўвогуле стварэнне сістэмы датацый, субсідый, прэферэнцый падмяніла рэальную інтэграцыю.
Таму ў палітычным плане на міжнароднай арэне Беларусь вядзе антырасійскую палітыку. Яна ў саюзніках з Кіевам. Пасля кастрычніка мы гэта зразумелі.
Лукашэнка ўвесь час гаворыць, што ён саюзнік Расіі. Але як гэта праяўляецца на практыцы, для нас гэта загадка.
— Вы ўзгадалі пра эканамічныя прэтэнзіі. Яны з беларускага боку гучаць усё грамчэй. У той жа час Пуцін прыводзіў лічбы падтрымкі беларускай эканомікі, у тым ліку па пастаўках газу. Расія па-ранейшаму будзе фінансаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі?
— Гэта трэба дзяліць на дзве часткі. Расія заўсёды была і застаецца зацікаўленай у беларускай дзяржаўнасці. Таму што нават геапалітычна нам важнае знаходжанне паміж Расіяй і Польшчай славянскай дзяржавы, якая для нас не з’яўляецца чужой. Расія дапамагала беларускай дзяржаўнасці і да Лукашэнкі, з пачатку яе ўзнікнення. І будзе дапамагаць і пасля Лукашэнкі.
Лукашэнка падвысіў градус датацый, падтрымак і так далей, таму што ён выступаў з прапановамі розных інтэграцыйных праектаў. Гэтае нарошчванне датацый ішло ўжо па-над вашай дзяржаўнасцю. Гэта былі інтэграцыйныя авансы. І Расія ўжо паставіла пытанне: прабачце, калькі год мы даем гэтыя авансы? Беларусь ужо пераўтварылася ў нафтавы афшор. І калі мы гаворым пра інтэграцыю, на нас глядзяць быццам не разумеючы: „Так ўсё ж добра, што вам яшчэ трэба? Мы ж вашы саюзнікі. Канешне, мы не саюзнікі расійскага народа, расійскай улады, расійскай дзяржавы. Мы саюзнікі расійскай нафты, газа, расійскіх рэсурсаў, рынка, крэдытаў, тэхналогій. А так ідзіце вы лесам са сваім Крымам і так далей”.
— А што разумеюць зараз у Расіі пад далейшай інтэграцыяй? Ці актуалізавалася пытанне пра далучэнне Беларусі да Расіі?
— Расія чакае выканання Саюзнай дамовы, падпісанай беларускім бокам ў снежні 1999 года. Там усё прапісана: адзіныя цэнтры, наднацыянальныя структуры, адзіная мяжа, магчыма нават адзіныя ўзброеныя сілы ў перспектыве. Тады няма пытанняў з датацыямі і ўсім астатнім.
— Як вы лічыце, ці будуць у Расіі падтрымліваць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах?
— Гэта пытанне, бо Расія прынцыпова не будзе ўмешвацца ва ўнутрыпалітычную сітуацыю ў рэспубліцы. Бо будзе паўтарацца сітуацыя, як з Украінай, — ніякіх расійскіх ці прарасійскіх кандыдатаў не будзе. З іншага боку, няма ілюзій у адносінах да самога Лукашэнкі, што ён не з’яўляецца саюзнікам Расіі. Ён з’яўляецца саюзнікам толькі сваёй улады. І паўстае пытанне — ці варта ўвогуле яго падтрымліваць?
Апошнім часам стасункі на лініі Мінск–Масква пагоршыліся. Аляксандру Лукашэнку не ўдалося дамовіцца з Уладзімірам Пуціным аб кампенсацыі за падатковы манеўр Расіі ў нафтавай сферы. У сваю чаргу Крэмль патрабуе ад Беларусі далейшай інтэграцыі згодна з падпісанымі Беларуссю саюзнымі пагадненнямі.
Гутарыў Антон Разумоўскі,
Беларускае Радыё Рацыя