Балада пра яўку

Усе папярэднія выбарчыя кампаніі апазіцыя выконвала ролю спарынг-партнёра ўлады, але сёння ў яе з’явіўся шанец на ўласную ролю.

Усе папярэднія выбарчыя кампаніі апазіцыя выконвала ролю спарынг-партнёра ўлады, але сёння ў яе з’явіўся шанец на ўласную ролю.
На выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў у красавіку 2010 года быў адменены парог яўкі, што істотна спрасціла працу спадарыні Ярмошынай і Ко. Падлічыць рэальную яўку назіральнікам не надта складана, гэта не падлік галасоў кантраляваць. Але, насуперак чаканням, на яўцы гэта ніяк не адбілася. Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, яна склала 79,5%, тым самым хай і фармальна, але перавысіла паказчык студзеня 2007 года, калі свой грамадзянскі абавязак на мясцовых выбарах выканалі 79,2% выбарцаў.
Варта прызнаць, што беларусы галасаваць прызвычаіліся. Гэту звычку яны вынеслі з савецкага мінулага. Апусканне бюлетэняў у скрыні для галасавання (запаўняць іх не было патрэбы) і праходжанне калонамі ўздоўж трыбун, весела памахваючы стандартнай атрыбутыкай, — вось той мінімум палітычнай актыўнасці, дазволены савецкаму чалавеку. Усё, што выходзіла за межы мінімуму, мела адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе.
Электаральную актыўнасць беларусаў пацвярджаюць і сацыёлагі НІСЭПД. Па іх дадзеных, у красавіку 2010 года яўка склала 65%, а ў студзені 2007-га — 62%. У сацыёлагаў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, які функцыянуе самі разумееце пры кім, дадзеныя па яўцы з афіцыйнымі ніколі не разыходзяцца. Каментаваць такога кшталту супадзенні, думаю, не патрэбна.
Міф пра Усенароднаабранага
Прызнаюся, я не чакаў, што ЦВК пазначыць такую высокую яўку ў 2010 годзе, але логіка сістэмы была вышэй за маю фармальную логіку. Тое, што ў нас прынята называць «выбарамі», нягледзячы на прысутнасць апазіцыйных кандыдатаў, недалёка адышло ад свайго савецкага папярэдніка, які ўяўляў сабой рытуал сімвалічнай падтрымкі і лаяльнасці партыі. Гэта значыць своеасаблівы рытуал акламацыі (ад лацінскага acclamatio «крык, усклік») — спрошчанага парадку прыняцця ці адхілення якога-небудзь рашэння на аснове рэакцыі ўдзельнікаў, якая выяўляецца ў апладысментах, выкрыках, рэпліках і інш.
Адным з вынікаў першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе стала нараджэнне міфа пра Усенароднаабранага. У аснове яго ляжыць вынік другога тура, калі будучы «адзіны палітык» (АП) атрымаў 80% галасоў выбарцаў. Сам ён любіць нагадваць пра свой першы электаральны трыумф, забываючы пры гэтым растлумачыць, што з улікам яўкі за яго прагаласавала 56% ад агульнай колькасці выбарцаў (у снежні 2010 года — 59% па дадзеных НІСЭПД). Але пачатак быў пакладзены. Электаральная планка, аднойчы паднятая на такую вышыню, ужо не магла быць апушчана ніжэй без сур’ёзных наступстваў для палітычнага рэжыму, які склаўся ў рэспубліцы.
Тут варта адзначыць, што статус Усенароднаабранага не сумяшчальны з паняццем «расколатае грамадства», як, зрэшты, несумяшчальны і з паняццем «нацыя». Звернемся да тэксту апошняга навагодняга віншавання: «Наперекор всему доказали, что являемся крепкой и сплоченной семьёй. Единой и поистине великой нацией!» Уяўленне пра сучаснае грамадства і дзяржаву як пра згуртаваную сям’ю — класічны архаізм. Пра гэта я ўжо неаднаразова пісаў, таму пяройдзем да другога сказу.
Нацыю не варта блытаць з этнасам. Нацыя паўстае там і тады, дзе фармуецца крытычная маса аўтаномных асоб, г. зн. грамадзян, якія ўсведамляюць свае ўласныя інтарэсы. А паколькі інтарэсы асобных грамадзян не супадаюць, то ўзнікае патрэба ў іх узгадненні. Дзейнасць такога кшталту і называцца «палітыкай». Таму сучасныя нацыі — гэта палітычныя нацыі. Паводле ж прыведзенай цытаты, беларусы, што з’яўляюцца «вялікай нацыяй», здолелі са сваіх шэрагаў (9,4 мільёна чалавек) высунуць толькі аднаго палітыка!
Строга кажучы, і ён палітыкам не з’яўляецца, бо ўзгадненнем інтарэсаў розных частак беларускага грамадства не займаецца. Адсюль прарастае тая маніякальная зацятасць, з якой     «меншасці» ў Беларусі адмаўляюць у праве на існаванне. «Вас няма!» — такі афіцыйны лозунг, і пакуль ён не зняты з парадку дня, міф пра Усенароднаабранага будзе блакаваць фармаванне беларускай нацыі.
Стратэгія «Мы ёсць!»
На гэтым пад тэарэтычнай часткай можна падвесці рысу і перайсці да стратэгіі апазіцыі. Ва ўмовах, калі грамадства працягвае спаць, што выключае саму магчымасць рэальнага супрацьстаяння ўладзе, усе высілкі апазіцыі варта, на мой погляд, накіраваць на рэалізацыю стратэгіі «Мы ёсць!». Пры гэтым пад займеннікам «мы» варта разумець не партыйны актыў (таго, што ў рэспубліцы існуе «пятая калона», АП ад сваіх прыхільнікаў ніколі і не хаваў), а апазіцыйна настроеных да ўлады беларусаў, устойлівае ядро якіх у грамадстве складае не менш за 25%.
Ва ўмовах, калі ўлада заяўляе, што «крызісу ў краіне няма», а больш чым 80% беларусаў наконт гэтага пытання прытрымліваюцца процілеглага меркавання, «большасць» і «меншасць» памяняліся месцамі. Аднак такой ракіроўкай не варта цешыцца. Тыповы прадстаўнік «большасці» — гэта чалавек, не здольны пражыць без падтрымкі з боку дзяржавы. Сёння дзяржава яго падставіла, урэзаўшы пайку ўзору снежня 2010 года. Ён на дзяржаву і яе нязменнага кіраўніка пакрыўдзіўся, але самастойным у эканамічным плане ад гэтага не стаў, таму пры першым жа павелічэнні пайкі такі апазіцыянер-неафіт зноў развернецца на 1800.
Парламенцкія выбары даюць апазіцыі дадатковы шанец у рамках стратэгіі «Мы ёсць!». Яго значэнне не варта перабольшваць. Ніякія аб’яднаныя высілкі апазіцыйных актывістаў не здольныя кардынальна паўплываць на сітуацыю ва ўмовах грамадства, якое спіць. Апошнія падзеі ў Расіі гэту паліталагічную аксіёму відавочна пацвярджаюць. Масавыя акцыі ў Расіі скончыліся ў 1993 годзе, і ўсе наступныя спробы вывесці людзей апынуліся дарэмнымі. І раптам у снежні мітынг на Балотнай плошчы сабраў не менш за 50 тысяч чалавек, а колькасць удзельнікаў мітынгу на праспекце Сахарава, нават па самых асцярожных падліках, перавысіла 100 тысяч.
Да змены ўлады гэта, зразумела, не прывяло, але звыклая павестка дня, якая ўсе «нулявыя» гады фармавалася выключна ў Крамлі, была зламаная. На нашых вачах расійскае грамадства пачынае ператварацца ў суб’ект палітыкі. Ігнараваць гэты факт улада ўжо не ў стане. Складаецца ўражанне, што «працэс пайшоў». Ці так гэта — канчаткова стане зразумела ў лютым-сакавіку.
Ва ўсіх папярэдніх выбарчых кампаніях апазіцыя «скакала» пад дудку ўлады і тым самым спрыяла яе легітымізацыі. Надышоў час самім замовіць музыку. Але маюцца межавыя ўмовы. Па-першае, вызваленне ўсіх палітвязняў. Па-другое, уключэнне апазіцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Спынюся падрабязней на другой умове.
У склад участковых камісій на мясцовых выбарах 2010 года было вылучана 77 241 чалавек, а ўключана 68 881, ці 89,2% ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. Ад грамадзян шляхам падачы заяў праз адміністрацыйнае сіта пратачылася 86,2% вартых, ад працоўных калектываў — 88,4%, ад грамадскіх аб’яднанняў — 94,8%, ад лаяльных палітычных партый — 93%, ад апазіцыйных — 12,8%. Паводле Выбарчага кодэкса, склад участковых камісій можа фармавацца з 5–19 чалавек. У красавіку 2010 года ўчастковыя камісіі апынуліся ўкамплектаваны на 56,8% ад максімальна магчымай колькасці, г. зн. рэальнай канкурэнцыі за патраплянне ва ўчастковыя камісіі не было, што не перашкодзіла адсеяць 87,2% кандыдатаў ад апазіцыйных партый.
Прыведзеная статыстыка падштурхоўвае да простага, але разумнага патрабавання: колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый, уключаных ва ўчастковыя камісіі, не можа быць ніжэй 85% ад ліку высунутых. Такое патрабаванне не супярэчыць дзейснаму заканадаўству.
Праз эканамічныя прычыны
Безумоўна, выбары не зводзяцца да падліку галасоў. На мясцовых выбарах у 2010 годзе пры такім жорсткім допуску ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі, большасць іх кандыдатаў (82%) была зарэгістравана. Што да выбараў прэзідэнцкіх, то магчымасць зарэгістравацца меў практычна любы ахвочы, таму выбары ў Беларусі можна ахарактарызаваць як свабодныя, але несправядлівыя. Яны ў прынцыпе выключаюць магчымасць паразы клана, які кіруе ў рэспубліцы.
Да таго ж не варта забываць, што сучасныя выбары — гэта абмеркаванне грамадствам праблем, якія хвалююць людзей, і адначасова пошук шляхоў іх вырашэння. Але ў краіне, у якой на 9,4 мільёна насельніцтва маецца ўсяго адзін палітык, такія задачы падчас выбараў не могуць ставіцца па вызначэнні. Вось і праходзяць выбары «ў сумным рэжыме», каб, крый Божа, электарат не адарваўся ад сваіх побытавых праблем і не пачаў задаваць не зручныя ўладзе пытанні.
Па гэтай жа прычыне кандыдаты ўлады не ўдзельнічаюць у дэбатах з кандыдатамі апазіцыі. Але калі выбарчая кампанія — не нагода для абмеркавання наспелых у краіне праблем, то і парламент — не месца для дыскусій. Строга кажучы, такі парламент не з’яўляецца органам заканадаўчай улады. У агульных рамках імітацыйнай дэмакратыі ён адыгрывае сваю прыватную імітацыйную ролю.
Адсутнасць у краіне палітыкі азначае і адсутнасць грамадскага запыту на апазіцыю. Тут важна не пераблытаць прычыну са следствам. Палітыка пачынаецца з прызнання дыферэнцыяцыі грамадства на групы, якія маюць уласныя інтарэсы. У нашым выпадку гэта азначае прызнанне «меншасці».
Таму, не маючы магчымасці кантраляваць падлік галасоў, усе свае высілкі апазіцыі варта засяродзіць на кантролі яўкі. Прычым кантроль павінен разглядацца не ў якасці тэхнічнага мерапрыемства, а як асноўная ідэя агульнанацыянальнай кампаніі. Нагадаю, на папярэдніх парламенцкіх выбарах яўка па дадзеных НІСЭПД склала 66% (76,7% па дадзеных ЦВК). Сёння ўзровень падтрымкі ўлады, з нагоды зразумелых эканамічных прычын, істотна ніжэй, таму паўтарыць вынік 2008 года арганізатарам выбараў будзе няпроста.
Для пералому сітуацыі ўладзе патрэбна будзе адмовіцца ад «сумных выбараў» і разгарнуць мабілізацыйную кампанію, што ва ўмовах крызісу можа абудзіць грамадства.