Беларусь не будзе прызнаваць Сухумі і Цхінвалі

У Тбілісі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь па-ранейшаму не будзе прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.



georgia_flag.jpg

“Наша пазіцыя па тых праблемах, якія вы паднялі (пытанне непрызнання незалежнасці грузінскіх тэрыторый) застаецца нязменнай. У адваротным выпадку, я б не прыехаў”, — перадае newsgeorgia.ru словы Лукашэнкі падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі.

Лукашэнка адзначыў, што неабходна глядзець у будучыню і рабіць крокі для нармалізацыі адносін паміж Грузіяй і Расіяй. Пры гэтым ён дадаў, што паміж народамі Грузіі, Беларусі і Расіі супярэчнасцяў няма. Ёсць толькі непаразуменні на палітычным узроўні, але яны пераадольныя.