БНФ вылучыў у Мінскую выбарчую камісію былога палітвязня

7 ліпеня Мінская гарадская арганізацыя Партыі БНФ накіравала ў Мінгарвыканкам дакументы аб вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў у сталіцы.



1361817292.jpg

У мінскую гарадскую выбарчую камісію вылучаны кіраўнік гарадской арганізацыі БНФ Зміцер Каспяровіч.

Зміцер Каспяровіч са школьнага ўзросту быў актывістам моладзевай фракцыі БНФ, пазней — адным з заснавальнікаў “Маладога Фронту”. У 2006 годзе атрымаў крымінальны прысуд за тое што зняў з будынку Мінгарвыканкама чырвона-зялёны сцяг, тры месяцы правёў за кратамі. Неаднаразова балатаваўся ў дэпутаты мясцовых саветаў,  у 2012 годзе браў удзел у парламенцкіх выбарах, але зняў сваю кандыдатуру і заклікаў выбаршчыкаў да байкоту.

У выбарчую камісію Мінскай вобласці ад Партыі БНФ вылучаны грамадскі актывіст Ілля Дабратвор, таксама прадстаўнікі Партыі БНФ вылучаныя ў раённыя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў Менску і вобласці.

Як адзначыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, вылучэнне прадстаўнікоў партыі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі выконвае важную ролю ў бягучай выбарчай кампаніі:

"Вылучэнне нашых прадстаўнікоў ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі — гэта першы тэст для ўладаў. Калі, як і ў мінулыя гады, выбарчыя камісіі будуць сфармаваныя без удзелу апазіцыі — гэта стане сігналам пра тое, што кампанія будзе праведзеная па звыклым сцэнары і для апазіцыі не будуць створаныя роўныя ўмовы. Мы заклікаем улады праявіць добрую волю і ўключыць прадстаўнікоў БНФ ды іншых дэмакратычных партыяў у тэрытарыяльныя камісіі. У такім выпадку нашыя прадстаўнікі будуць мець магчымасць карыстацца паўнамоцтвамі сябры камісіі і спрыяць празрыстасці выбарчага працэсу. Напрыклад, удзел у працы тэрытарыяльных камісіяў дае магчымасць прымаць удзел у разглядзе скаргаў на парушэнні выбарчага заканадаўства, што дазволіць адстойваць прынцып роўных правоў і магчымасцяў для кандыдатаў ад апазіцыі. Для нас гэта вельмі важна, таму што будзе спрыяць кампаніі Таццяны Караткевіч, якая вылучаецца ў прэзідэнты пры падтрымцы Партыі БНФ" — сказаў Аляксей Янукевіч.

Старшыня партыі адзначыў, што існуючая ў краіне сістэма рэгістрацыі арганізацыйных структураў істотна абмяжоўвае палітычныя партыі ў вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Напрыклад, Гродзенская абласная арганізацыя Партыі БНФ ужо дзесяць год спрабуе атрымаць рэгістрацыю, але ўлады адмаўляюць ёй па надуманых падставах, і гэта не дае магчымасці вылучаць прадстаўнікоў партыі ў гродзенскую абласную камісію.

Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павінна адбыцца ў перыяд з 20 па 22 ліпеня.

Паводле прэс-службы ПБНФ