У Мінску з'явілася аўташкола для людзей з інваліднасцю (відэа)

Раней, каб вучыцца на правы, трэба было ездзіць у Валожын або Вілейку.



avtoshkolainv.jpg

Аляксандра Гараднікова вучыцца ў аўташколе для людзей з інваліднасцю. Аўтамабілі тут спецыяльныя, з ручным кіраваннем. На пляцоўцы створанае безбар'ернае асяроддзе. Гэта адзіная аўташкола ў Мінску, дзе могуць вучыцца вадзіць машыну людзі з інваліднасцю, гаворыцца ў сюжэце медыямайстэрні "Эгалітэ".

Каб трапіць у аўташколу, Аляксандры давялося чакаць у чарзе, спачатку нават прапаноўвалі ехаць вучыцца ў Валожын. Між тым, навучанне ваджэнню досыць запатрабаванае сярод мінчукоў з абмежаванай мабільнасцю. Для іх машына сапраўды не раскоша, а сродак перамяшчэння, адаптацыі і магчымасць рэалізоўваць сябе ў грамадскім, асабістым і прафесійным жыцці. Раней Аляксандра працавала дома, цяпер жа яна зможа працаваць разам з калегамі.

"Навошта залежаць ад таксі, навошта пастаянна прасіць дапамогі ў аўтобусах і тралейбусах, калі ты можаш сесці ў машыну, завесці яе і паехаць на спатканне, на адпачынак з сябрамі, пачаць нарэшце падарожнічаць", — кажа Аляксандра.

Для людзей з інваліднасцю галоўная цяжкасць — не атрыманне правоў, а даведкі ў паліклініцы і дазвол ад медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі.

"Трэба шмат часу выдаткаваць менавіта на медыцынскую экспертызу. Мне пашанцавала — у мяне рабочыя рукі і ўсё добра з верхнім корпусам. Таму мне далі дазвол без праблем, — працягвае Аляксандра. — Але калі ў чалавек мае праблемы з рукамі, то яго вельмі доўга правяраюць, могуць адправіць на паўторную медкамісію".

Больш падрабязна пра тое, як атрымліваюць правы людзі з інваліднасцю, глядзіце ў сюжэце, падрыхтаваным у медыямайстэрняй "Эгалітэ" ў межах сумеснага трэнінгу ЕГУ і медыямайстэрні "Эгалітэ". Здымачная група: Аляксандра Гараднікова, Кацярына Керамша, Алеся Песенька.

euroradio.fm