Цэнтр Мінска ператворыцца ў маштабны музычны open-air баль

З 11 ліпеня па 1 жніўня ў цэнтры Мінска каля Гарадской ратушы пройдзе фестываль класічнай музыкі "Класіка ля Ратушы з velcom". Мерапрыемства складаецца з чатырох канцэртаў і з'яўляецца працягам "Джазавых вечароў ля Ратушы".



ploschadj_svobody.jpg

Як сказаў 8 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік музычнага дома "Класіка" Аляксандр Чахоўскі, 11 ліпеня фестываль адкрыюць брас-квінтэт "Няміга" і "М'юзікДом Аркестра" пад кіраўніцтвам дырыжора Івана Касцяхіна. Яны выканаюць вядомыя і любімыя творы Моцарта, у ліку якіх уверцюра да оперы "Вяселле Фігаро", часткі 40-й сімфоніі, урыўкі з "Маленькай начной Серэнады", а таксама канцэртаў і оперных арый.

Самыя вядомыя мелодыі танга выканае квартэт V.S.O.P. 18 ліпеня. Таксама ў праграме — выступленні беларускіх піяністаў Марыны Рамейка, Кацярыны Матох і Аляксея Собаля. Яны выступяць з творамі Шапэна, Рахманінава, Ліста, Брамса і іншых. Усе ахвотныя змогуць станцаваць танга пад жывую музыку.

"Поры года" Вівальдзі, "Жарт" Баха і іншую вядомую класіку сыграюць на саксафонах 25 ліпеня. Таксама ў гэты вечар на ступенькі канцэртнай залы "Верхні горад" паднімецца ансамбль салістаў "Партыта". Арыгінальнае выкананне музыкі эпохі Барока прадставіць квартэт саксафаністаў SaXaS, а вакальныя шлягеры выканае салістка Вялікага тэатра Таццяна Гаўрылава

І, нарэшце, 1 жніўня на плошчы Свабоды пройдзе маштабны музычны праменад з танцамі, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага — вядомага кампазітара, дыпламата, мецэната і дзеяча беларускай культуры. Інтэрактыўная праграма ад ансамбля старадаўняй музыкі "Кантабіле" і артыстаў-рэканструктараў праекта "Эпоха князя Міхала Клеафаса" будзе ўключаць інструментальныя кампазіцыі, рамансы, музыку настаўнікаў і паслядоўнікаў кампазітара, касцюміраваны баль ХХ стагоддзя і іншыя сюрпрызы.

"Фестываль стане першым у гісторыі Беларусі баль-open-air, — сказаў Чахоўскі. — Я ж адкрыю адзін з сюрпрызаў другой суботы — цяпер мы чакаем пацвярджэння ўдзелу ў праграме музыканта, які сыграе на альпійскім рогу.

БелаПАН