Ціханоўская: «Рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазбежная»

Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадарам ЕС Дзіркам Шубелем і амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім, якія раней былі высланыя з Беларусі.

geroj_98__1_.jpg


«Я падзякавала за непрызнанне рэжыму Лукашэнкі, за падтрымку грамадзянскай супольнасці. Мы абмеркавалі праграмы дапамогі рэпрэсаваным, малому бізнэсу, стыпендыі для студэнтаў. Шмат якія беларусы знайшлі бяспеку ў краінах Еўрасаюза, і мы працуем над тым, каб яны адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена», — цытуе словы Ціханоўскай яе прэс-служба.
Ціханоўская нагадала, што прайшло паўтара года пасля выбараў 2020, якія, паводле яе слоў, былі адзначаныя «змаганнем беларусаў за сваю годнасць, за справядлівасць, за сумленныя выбары».
Святлана Ціханоўская адзначыла незаконнасць рэфэрэндуму па змяненні Канстытуцыі і яшчэ раз выказалася за новыя сумленныя выбары.
На сустрэчы з дыпламатамі былі абмеркаваныя і сумесныя вучэнні, якія пачнуцца 10 лютага. Ціханоўская назвала іх «расійскімі вучэннямі» і заявіла, што «рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазбежная».
«Я ўпэўненая, што дастаткова дыпламатычных сродкаў, каб вырашыць крызіс. І мы не дазволім рэжыму гандляваць беларускім суверэнітэтам», — працытавала Святлану Ціханоўскую яе прэс-служба.