Краіны Балтыі запатрабавалі тлумачэнняў ад Мінска ў межах АБСЕ. На адказ ёсць 48 гадзін

Літва, Латвія і Эстонія 9 лютага ініцыявалі механізм зніжэння рызык Венскага дакумента АБСЕ ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта паведаміў журналіст Рыкард Юзьвяк.

Расійскія вайскоўцы прыбываюць на вучэнні ў Беларусь. Ілюстрацыйнае фота

Расійскія вайскоўцы прыбываюць на вучэнні ў Беларусь. Ілюстрацыйнае фота


Такім чынам, у найбліжэйшыя 48 гадзін прадстаўнікі ўладаў Беларусі ў АБСЕ абавязаны даць краінам-сябрам арганізацыі дадатковыя тлумачэнні адносна вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі.
Потым па запрашэнні Мінска прадстаўнікі краін-удзельніц АБСЕ могуць наведаць раёны правядзення вучэнняў і базавання расійскіх войскаў. У гісторыі АБСЕ яшчэ не было прэцэдэнтаў, калі падобныя добраахвотныя запрашэнні не рабіліся ў выпадку заклапочанасці іншых краінаў-удзельніц, піша аналітычны цэнтр «iSANS Беларусь».
«Аднак цяперашні крызіс у стасунках з Захадам і жаданне самога Лукашэнкі надалей эскалаваць сітуацыю на мяжы з краінамі Балтыі цалкам можа завяршыцца адмовай ад арганізацыі падобнай місіі. Падобныя дзеянні могуць быць расцэненыя як ускоснае пацвярджэнне падрыхтоўкі наступальнай вайсковай аперацыі з тэрыторыі Беларусі — як супраць краін НАТА, так і супраць Украіны», — мяркуюць эксперты цэнтра.
Расійскія войскі прыбываюць у Беларусь са студзеня. Афіцыйна — для вучэнняў, якія пройдуць з 10 па 20 лютага. Але на Захадзе і ва Украіне бачаць у іх пагрозу. Таксама заяўляецца, што колькасць удзельнікаў вучэнняў з расійскага боку можа дасягаць 30 тыс. вайскоўцаў.