Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Румыніі і выступіла на «Мюнхенскай сустрэчы лідараў»
Святлана Ціханоўская знаходзіцца з чарговым візітам у Еўропе. Гэтым разам — у Бухарэсце.
Як паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай, падчас сустрэчы з румынскім прэм'ер-міністрам Нікалае Чукэ яны абмеркавалі магчымыя захады міжнароднай супольнасці, каб не дапусціць уцягвання беларускіх войскаў у вайну супраць Украіны. Ціханоўская заклікала Румынію адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ і аказаць максімальную падтрымку ініцыятывам, накіраваным на ўмацаванне незалежнасці і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Таксама Ціханоўская правяла сустрэчы ў румынскім парламенце
з удзелам усіх партыйных груп. Яна заклікала дэпутатаў стварыць парламенцкую
групу сяброў Беларусі, правесці слуханні па Беларусі ў камітэтах па замежных
адносінах у абедзвюх палатах парламента і ўзяць шэфства над палітвязнямі.
Далей Ціханоўская выступіла на «Мюнхенскай канферэнцыі
лідараў». У сваім выступленні Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам
тэрарызму і пашырыць санкцыі на супрацоўнікаў дзяржаўных прапагандысцкіх
медыя, КДБ і спецслужбаў. Таксама Ціханоўская заклікала пашырыць выдачу віз для беларусаў у беларускіх гарадах і не прызнаваць дамовы і пагадненні, якія
падпісвае Лукашэнка, бо ён не мае законнай сілы, а гэтыя дамовы падрываюць
беларускі суверэнітэт.
Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных лідараў падтрымаць
рэзалюцыю Еўрапейскага парламента і дадзеныя ў ёй рэкамендацыі, у тым ліку
ізаляцыю рэжыму, падтрымку беларускага народа ў яго барацьбе, распачаць следчыя
дзеянні супраць рэжыму за злачынствы супраць апанентаў, за падтрымку вайны ва
Украіне і ўсталяваць кантакты з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам.