Дзмітрый Плашчынскі, сузаснавальнік і распрацоўшчык Wi Fi Map, выйшаў на волю
Дзмітрый Плашчынскі, кофаўндэр і распрацоўшчык Wi Fi Map, якога затрымалі 7 снежня, выйшаў на волю. Дзмітрыя маглі двойчы асудзіць на 15 сутак, паведамляе dev.by.

Інфармацыю пра яго вызваленне dev.by пацвердзіў іншы кофаўндэр WiFi Map Ігар Гольдэнберг.
Пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома пасля таго, як на адным з тэлеграм-каналаў з'явіўся «пакаянны» ролік. У ім Плашчынскі казаў, што быў падпісаны каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, але адпісаўся ад іх. Таксама Дзмітрый адзначаў, што ў яго ва ўласнасці ёсць паляўнічая зброя.
З самім распрацоўшчыкам і яго блізкімі журналісты не змаглі звязацца. Ігар Гольдэнберг напісаў ім, што не ведае пра далейшыя планы Дзмітрыя.
Дзмітрый Плашчынскі — грамадзянін Ізраіля. Праектам WiFi Map ён займаецца з 2012 года.
WiFi Map — платформа, якая ўтрымлівае ў сабе больш за 150 млн пароляў для WiFi-пунктаў доступу па ўсім свеце. Цяпер у праграме 100 + млн пунктаў і 1 млрд злучэнняў. Развіццём праекту займаецца амерыканская кампанія WiFi Map LLC. Ёсць цэнтр распрацоўкі ў Мінску — ён адкрыўся ў Беларусі ў 2019 годзе. А сама ідэя WiFi Map першапачаткова прыйшла ў галаву беларусам, якія развілі і рэалізавалі яе, а потым прапанавалі заснавальніку Kenlo Group Ігару Гольдэнбергу.