Затрыманы Дзмітрый Плашчынскі — сузаснавальнік і распрацоўшчык WiFi Map
У спісах затрыманых учора з'явілася прозвішча праграміста Дзмітрыя Плашчынскага. Ён грамадзянін Ізраіля.

Дзмітрый — кафаўндэр і распрацоўшчык WiFi Map, займаецца гэтым праектам з 2012 года, паведамляе dev.by.
У «пакаянным» роліку, які сёння выпусціў з ім прапагандысцкі тэлеграм-канал, ён кажа, што быў падпісаны каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, але адпісаўся ад іх. «Удзельнічаў у размове з Антонам Матолькам», адсылаў фота некаторых тэлеграм-каналаў.
Таксама Дзмітрый паведамляе, што ў яго ва ўласнасці ёсць паляўнічая зброя, але маецца на яе дазвол. Аднак на момант ператрусу зброя знаходзілася не ў сейфе, а каля яго.
Сваякі Дзмітрыя не маюць ніякай іншай інфармацыяй пра яго затрыманне. Вядома толькі, што сёння мусіць быць суд.
WiFi Map — платформа, якая ўтрымлівае ў сабе больш за 150 млн пароляў для WiFi-пунктаў доступу па ўсім свеце. Цяпер у праграме 100 + млн пунктаў і 1 млрд злучэнняў. Развіццём праекту займаецца амерыканская кампанія WiFi Map LLC. Ёсць цэнтр распрацоўкі ў Мінску — ён адкрыўся ў Беларусі ў 2019 годзе. А сама ідэя WiFi Map першапачаткова прыйшла ў галаву беларусам, якія развілі і рэалізавалі яе, а потым прапанавалі заснавальніку Kenlo Group Ігару Гольдэнбергу.