Ізраільская адвакатка, якую трымаюць у мінскім СІЗА, просіць выратаваць яе з «гэтага пекла»

Грамадзянка Ізраіля Мая Райтэн у Беларусь прыляцела 11 лістапада для аказання юрыдычнай дапамогі ізраільскаму бізнесмену. Падчас мытнага агляду ў аэрапорце ў яе асабістых рэчах знайшлі 2,5 грама канабісу. У жанчыны быў на яго медыцынскі дазвол, але ў Беларусі гэтая папера не мае сілы.

photo_2021_11_28_15_17_55_1.jpg


Ізраільскія СМІ апублікавалі ліст з СІЗА Маі Райтэн. Дома яе вызвалення чакаюць сваякі і двое дзяцей. У лісце, які яна адправіла на волю, Мая просіць пакласці канец пакутам яе і сям’і, піша Радыё Свабода.

«Я не магу больш заставацца тут, я не працягну доўга, — цытуе ліст ізраільскі сайт. — Я адрэзана ад любых зносін з навакольным светам».


Жанчына знаходзіцца ў адной камеры з трыма жанчынамі. Ніхто з іх не ведае англійскай мовы, таму Маі няма з кім нават пагаварыць. Яна таксама расказала аб праблемах са здароўем — кожны дзень ёй робяць укол, аднак беларускія лекі не дапамагаюць ад некалькіх хранічных хвароб, а ізраільскіх — няма.

Жанчына звярнулася да ізраільскіх чыноўнікаў з просьбай дапамагчы вызваліць яе. Яна заклікала іх «дзейнічаць з усёй энергіяй, каб пакласці канец гэтаму пеклу», праз якое яна праходзіць у СІЗА.

У МЗС Ізраіля паведамілі, што з дня арышту Маі Райтэн падтрымліваюць з ёй сувязь па дыпламатычных каналах: «Амбасадар Ізраіля ў Мінску Алекс Гольдман-Шэйман наведаў Маю Райтэн у турме. Міністэрства замежных спраў Ізраіля падтрымлівае кантакты з сямʼёй і юрыстамі ў Ізраілі і Беларусі, і будзе працягваць аказваць усебаковае садзейнічанне».