Ізраільская адвакатка прыляцела ў Мінск на сустрэчу з кліентам, а трапіла на Валадарку
У мінскім СІЗА-1 з 4 лістапада ўтрымліваецца ізраільская адвакатка Мая Райтэн-Столь, якая прыляцела ў Беларусь на сустрэчу з кліентам і была затрыманая ў аэрапорце з некалькімі грамамі медыцынскага канабіса і дазволам Міністэрства аховы здароўя Ізраіля на яго ўжыванне, піша mediazona.by
Родныя ізраільцянкі спадзяюцца на хатні арышт і збіраюцца здымаць для яе кватэру ў Мінску, яе адвакаты кажуць, што на Валадарцы Райтэн-Столь не атрымлівае медычнай дапамогі, а ізраільскія юрысты просяць свой урад умяшацца.
11 лістапада выданне Ynet паведаміла, што ў мінскім аэрапорце з шасцю грамамі канабіса затрымалі ізраільскую адвакатку; у артыкуле не прыводзілася яе імя. Праз два тыдні на тэлеканале N12 выйшаў сюжэт пра затрыманую ў Беларусі ізраільцянку — Маю Райтэн-Столь.
Па словах родных, яе затрымалі ў аэрапорце з медыцынскай марыхуанай. У сюжэце згадвалася ўжо меншая колькасць рэчыва — 2,5 грама. Ізраільцянка, сцвярджалі сваякі, спрабавала растлумачыць беларускім памежнікам, што канабіс неабходны ёй для лячэння, што пацвярджаецца медыцынскімі дакументамі і ліцэнзіяй Міністэрства аховы здароўя, але, нягледзячы на гэта, улады Беларусі вырашылі, што іншаземка парушыла закон.
«Мы падтрымліваем кантакт з мясцовымі юрыстамі і атрымалі медыцынскія даведкі ад Міністэрства аховы здароўя з перакладам. Праблема ў тым, што Беларусь не прызнае гэтыя даведкі. Існуе вельмі вялікі прабел ў сістэме пакаранняў і светапоглядзе краіны», — кажа яе адвакат.
Райтэн змясцілі пад варту ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Разам з ізраільцянкай у камеры сядзяць яшчэ дзве жанчыны, а тэмпература там «ніжэй за нуль градусаў». З моманту затрымання адвакатцы дазволілі зрабіць толькі адзін званок. У МЗС Ізраіля распавялі, што падтрымліваюць сувязь з абаронцамі юрысткі, а ў СІЗА яе наведаў амбасадар Алекс Гольдман-Шайман.
Брат ізраільскай адвакаткі Ёнатан сказаў «Медыязоне», што калі пасля затрымання жанчыне прапанавалі зрабіць адзін званок, яна не звязалася з сям'ёй, а патэлефанавала свайму кліенту, дзеля сустрэчы з якім прыляцела ў Беларусь. «Адзіны тэлефонны званок, які яна зрабіла, быў яму, а не нам, і яна больш не тэлефанавала. Яны не дазваляюць ёй тэлефанаваць сваім дзецям і сваёй сям'і», — кажа Ёнатан.
Па яго словах, ён прылятаў у Беларусь і правёў тут дзесяць дзён, але так і не змог пабачыцца з сястрой.
«Мы асцерагаемся, што ў выпадку прад'яўлення ёй абвінавачвання мінімальнае пакаранне складзе тры гады пазбаўлення волі, і аж да сямі гадоў», — сказаў юрыст. Такое пакаранне прадугледжана артыкулам аб незаконным перамяшчэнні наркотыкаў праз мяжу (артыкул 328-1 КК). Мяркуючы па тым, што Мая Райтэн-Столь да гэтага часу знаходзіцца пад вартай, ёй ужо прад'явілі абвінавачванне. Згодна з артыкулам 118 КПК, абвінавачванне па артыкулах, звязаных з наркотыкамі, прад'яўляецца на працягу дзесяці сутак з моманту затрымання.
Паводле mediazona.by