Эксперты iSANS: у ЕС і ЗША канчаткова вызначыліся з далейшым лёсам Лукашэнкі
У ЕС і ЗША канчаткова вызначыліся з далейшым лёсам улады Лукашэнкі. Пра гэта паведамілі эксперты iSANS па выніках форуму па глабальнай бяспецы «GLOBSEC», які завяршыўся ў Славакіі і на якім адбылася паўтарагадзінная дыскусія аб Беларусі.
«Зваротнай дарогі да нармалізацыі, якой 10 месяцаў дамагаецца Уладзімір Макей, не здарыцца» — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі дыскусіі.
Еўраатлантычныя партнёры прынялі прынцыповае рашэнне аб завяршэнні любых перамоў з рэжымам Лукашэнкі да моманту яго рэальнага сыходу з палітыкі. Падтрымка дэмакратычных сіл і абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай моцная як ніколі раней.
Прыняты шэраг рашэнняў аб пераходзе ад сімвалічных санкцый да рэальных эканамічных мер, каб знішчыць асновы так званай «луканомікі» — сістэмы карупцыйных схем, якія трымаюцца на бізнесах «кашалькоў Лукашэнкі», паведамілі эксперты iSANS.
Паводле іх слоў, «пытанне заключаецца толькі ў тым, наколькі хутка санкцыі прывядуць да фінансавага паралічу бюракратыі і сілавога блока».
ЕС яшчэ не абвясціў аб запуску першага пакета сектаральных санкцый, але, паводле інфармацыі некалькіх крыніц iSANS, у Брусэлі распачатая падрыхтоўка ўжо другога пакета сектаральных санкцый.