Фішэр — пра словы Хрэніна: «Не смешна. На самой справе, гэта трагічна»
Амерыканская амбасадарка ў Беларусі Джулія Фішэр выказалася аб чарговым абвінавачанні беларускіх улад.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр у адказ на чарговае абвінавачанне ЗША ў спробе перавароту ў Беларусі заявіла, што «вышукваць змовы» за межамі Еўропы прасцей, «чым сумленна ацаніць, што не працуе ва ўласнай краіне».
— Дыктатару, які не жадае, каб хоць нейкія элементы яго кіравання ставіліся пад пытанне, значна прасцей глядзець за мяжу і вышукваць змовы, закулісныя інтрыгі ў сталіцах за межамі Еўропы, прасцей паказваць у гэтым кірунку, чым сумленна ацаніць, што не працуе ва ўласнай краіне. Я таксама думаю, што гэта адлюстроўвае фундаментальны разрыў сувязі паміж гэтым дыктатарам і яго народам, — пракаментавала дыпламатка заяву міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна пра «неабвержныя доказы» датычнасці ЗША да спробы перавароту ў Беларусі ў эфіры «Дажджу».
Яна дадала, што гэтыя абвінавачанні не дзіўныя, бо гэта знаёмая тактыка, якую ўжо бачылі ў мінулым.
— Шчыра скажу — калі б гэта не было так трагічна, гэта было б проста смешна, як мне здаецца. Але гэты правал рэжыму Лукашэнкі кожны дзень аказвае рэальны ўплыў на народ Беларусі. Таму гэта не смешна, на самой справе, гэта трагічна, — адзначыла Фішэр.
Напярэдадні Віктар Хрэнін заявіў, што падчас сумеснай аперацыі спецслужб Расіі і Беларусі ўдалося спыніць спробу дзяржаўнага перавароту «з фізічнай ліквідацыяй кіраўніка беларускай дзяржавы і членаў яго сям'і».
Паводле слоў міністра абароны Беларусі, «неабвержныя доказы» сведчаць, што да гэтага датычныя амерыканскія дзяржструктуры, аднак ён не ўдакладніў, пра якія доказы ідзе гаворка.
Паводле gazetaby.media