Касінерава хацелі затрымаць, калі ён адпраўляў лісты ў турму

Пра гэта актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Міліцыянты з аўтаматам і дручком сталі вінаваціць яго ў расклейцы друкаванай прадукцыі на слупах, калі ён апускаў у паштовую скрыню лісты і паштоўкі.

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў разам са сваёй дзяўчынай Марынай Насенка вярталіся ад сяброў ноччу на 3 чэрвеня. Каля гадзіны ночы на вуліцы Слабадзкой яны ўзгадалі, што не апусцілі ў паштовую скрыню лісты і паштоўкі. Пара вырашыла зрабіць гэта на прыпынку грамадcкага транспарту, каля якога на слупе была паштовая скрыня. Як толькі каперты былі апушчаныя, побач спынілася міліцэйская машына, з якой выбеглі два міліцыянты — адзін з дручком, другі з аўтаматам. Яны спынілі Касінерава і Насенку, сказаўшы, што тыя «нешта расклейваюць».
Пасля гэтага міліцыянты пільна агледзелі слуп і скрыню. Касінерава і Насенку адпусцілі:
«У мяне ёсць уражанне, што адбываецца сачэнне. Персанальнае сачэнне за мной. Ніякім чынам такія дзеянні міліцыянтаў патлумачыць нельга. Калі я спытаў міліцыянтаў, што адбываецца, яны сказалі, што мы нешта клеілі. А мы проста адправілі лісты», — сказаў Касінераў Свабодзе.
Ён удакладніў, што лісты былі адрасаваныя антыфашыстам Змітру Паліенку і Іллю Валавіку, а таксама фігурантам «Справы патрыётаў» Сяргею Стрыбульскаму і Уладзіміру Румянцаву.
12 сакавіка Вячаслаў Касінераў павесіў пятлю на скульптуру мінскага гарадавога. Яго затрымалі, абвінавацілі ў хуліганстве і змясцілі ў турму на вуліцы Валадарскага. Падчас суду пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады хіміі. Але суддзя даў штраф — 5 базавых.
Паводле Радыё Свабода