Маккейн параўнаў палітыку Меркель у дачыненні да Пуціна з замірэннем Гітлера
Адмоўнае стаўленне да ідэі паставак зброі Украіне, якое дэманструецца канцлерам Германіі Ангелай Меркель, можа быць параўнальна з палітыкай замірэння Германіі перад Другой сусветнай вайной.
Пра гэта заявіў амерыканскі сенатар-рэспубліканец Джон Маккейн на тэлеканале ZDF, піша Zeit Online.
«Яе паводзіны нагадваюць мне палітыку 30-х гадоў», — сказаў Маккейн.
«Я хацеў бы спытаць канцлера, колькі яшчэ людзей павінна загінуць ва Украіне, каб вы дапамаглі ім абараніць сябе?», — запытаўся ён.
Паводле яго слоў, дзеянні Еўропы падчас эскалацыі сітуацыі ва Украіне выклікаюць у яго страшнае расчараванне, «яны проста назіраюць за тым, як упершыню з часоў Другой сусветнай вайны
еўрапейскую краіну раздзіраюць на кавалкі».
«Гледзячы на паводзіны нямецкага ўрада, можна падумаць, што там ці не ведаюць, ці ім усё роўна, што ва Украіне гінуць людзі», — заявіў Маккейн.
Нагадаем, раней канцлер Ангела Меркель выключыла магчымасць паставак зброі Украіне і падкрэсліла неабходнасць дыпламатычнага ўрэгулявання існуючага крызісу.