Мікола Статкевіч непакоіцца за палітвязняў Дзядка і Васьковіча
Палітзняволены, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч 12 ліпеня патэлефанаваў з турмы №4 Магілёва сваёй жонцы Марыне Адамовіч. У размове ён расказаў пра выпадак, сведкам якога быў у турме.
Па словах палітыка, уночы ён чуў крыкі на беларускай мове. І прасіў праверыць сітуацыю з палітзняволенымі маладзёвымі актывістамі Мікалаем Дзядком і Яўгенам Васьковічам, якія ўтрымліваюцца ў гэтай жа турме.
Марына Адамовіч:
— Ён сказаў, што двойчы — уночы з 6-га на 7-е і з 7-га на 8-е ліпеня — у поўнай цішыні было добра чуваць, як з крытага корпуса нехта крычаў і біў, відаць, па рашотцы металічным кубкам. Пры гэтым крычаў на чыстай беларускай мове пра тое, што яму ўсё надакучыла, што не хоча быць у гэтай камеры, але ўсё роўна прашэння пісаць не будзе.
Па словах Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч прасіў даведацца пра сітуацыю вакол Мікалая Дзядка і Яўгена Васьковіча: як даўно сустракаліся з імі адвакаты, ці падвяргаліся яны ў апошні час ціску праз іншых зняволеных з мэтай дабіцца прашэння пра памілаванне?
Па словах палітыка, у гэтай турме вельмі часта пераціскаюць зняволеных, але крыкі на беларускай мове, тым больш якія тычыліся б напісання прашэнняў пра памілаванне, ён чуў упершыню